Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАВЕРШЫЛАСЯ СЬВЯТКАВАНЬНЕ 120-ГОДЗЬДЗЯ ЯНКІ КУПАЛЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Адрозна ад учорашняга дня, калі падчас сьвяткаваньняў у Вязынцы міліцыянты вырывалі з рук гасьцей бел-чырвона-белыя сьцягі й не давалі слова паэту Ўладзімеру Някляеву, сёньня мікрафон каля помніка Янку Купалу быў даступны для ўсіх ахвочых. У парку не было высокіх дзяржаўных чыноўнікаў, таму, відаць, безь перашкодаў луналі бел-чырвона-белыя сьцягі й транспаранты са словамі паэта “Жыве Беларусь!” Уся імпрэза, аднак, адбывалася ў шчыльным атачэньні міліцыянтаў і пад відэакамэрамі невядомых апэратараў у цывільным.

Знаныя ў краіне літаратары й грамадзкія дзеячы цытавалі Янку Купалу й чыталі вершы-прысьвячэньні паэту. І кожны з асобных выступаў аб’ядноўвалі агульныя словы трывогі, што юбілейныя ўгодкі Янкі Купалы адзначаюцца на тле татальнага наступу ўладаў на недзяржаўныя мэдыі, беларускую мову й культуру, Незалежнасьць Беларусі. Тыя, хто не адважыўся выйсьці на сцэну, словы шанаваньня Янку Купалу і ўражаньні ад сьвяткаваньняў ахвотна гаварылі ў інтэрвію нашаму радыё.

(Спадарыня: ) “Янка Купала — гэта вялікі паэт, вялікі драматург. Гэта вялікі змагар за Беларусь і беларушчыну”.

(Спадар: ) “У беларускага народу ёсьць такі прарок, такі геній — Янка Купала. Гэта вялікае шчасьце”.

(Спадар: ) “Я спадзяваўся, што юбілей будзе сьвяткавацца больш шырока. Гэта азначае, што дзяржава ўвогуле не надае ўвагі разьвіцьцю культуры”.

(Спадарыня: ) “Канечне, Купала заслугоўвае больш ад сваёй нацыі. Нас сабралася мала, але людзі прыйшлі сем’ямі, і ёсьць надзея, што нешта будзе лепш. На моладзь надзея”.

Паміж выступленьнямі гучала музыка вядомага музыкі Ўладзімера Пузыні, гурту “Ліцьвіны” ды іншых калектываў. Паводле арганізатараў, сёньняшняя імпрэза ёсьць завяршэньнем штотыднёвых літаратурных чытаньняў, прысьвечаных юбілею народнага паэта Беларусі, які Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя Беларускага Народнага Фронту ладзіла цягам двух месяцаў.

Сьвята доўжылася больш за тры гадзіны і завершылася агульным сьпяваньнем “Пагоні”. Увечары літаратурныя чытаньні каля помніка паэту зладзіў музэй Янкі Купалы, а ў Купалаўскім тэатры пасьля паўтарагадовага перапынку быў паказаны спэктакль “Тутэйшыя”.
XS
SM
MD
LG