Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 120-ГОДЗЬДЗЕ ЯНКІ КУПАЛЫ МІЛІЦЫЯНТЫ АДБІРАЛІ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ


Галіна Абакунчык, Вязынка

Канцэрт мастацкіх калектываў, выставы народных рамёстваў і кніжныя кірмашы чакалі гасьцей пасьля афіцыйнай часткі. А спачатку чыноўнікі ад Міністэрства культуры й ураду ўсклалі кветкі да помніку Янку Купалу. Ад дыпляматычнага корпусу прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў Украіны і Польшчы, а Расею рэпрэзэнтавала дырэктарка музэю Янкі Купалы ў Казані.

Дарэчы, сёлетняе сьвята вызначалася не вялікай колькасьцю ўдзельнікаў і гасьцей, а вялікай колькасьцю міліцыянтаў і амонаўцаў. Паводле пісьменьніка й нядаўняга рэдактара часопіса “Полымя” Сяргея Законьнікава, які рыхтаваў два папярэднія юбілеі Янкі Купалы, гэта не выпадковасьць, а адмысловая палітыка цяперашніх уладаў.

(Законьнікаў: ) “Сьвята сапраўды было маштабнае, ня дзеля “птушачкі”. Тут былі сотні тысяч чалавек, і гэта было сапраўды народнае сьвята. Многае цяпер зьмянілася. З народу выветрылі, выпетрылі пачуцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці, краю, дзе чалавек жыве. А бяз гэтага нічога ня будзе”.

Падчас свайго выступу віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Дражын згадаў Аляксандра Лукашэнку й ягоны клопат пра захаваньне беларускай мовы й культуры. Але нечаканым адказам яму й іншым чыноўнікам была прамова паэта Генадзя Бураўкіна. Дарэчы, слова ён атрымаў з дапамогай Вольгі Іпатавай, якая пасярэдзіне афіцыйнай часткі запрасіла спадароў Законьнікава і Бураўкіна на сцэну і прапанавала выступіць.

Генадзь Бураўкін, зьвяртаючыся да Янкі Купалы, папрасіў прабачэньня, што ў год ягонага 120-годзьдзя другі канал Беларускага тэлебачаньня загаварыў на чужой мове, што скасаваны іспыт па беларускай мове ў сярэдніх школах, што нацыянальныя часопісы захапілі “новыя літаратурныя біндзюжнікі”. У падтрымку гэтых словаў сябры Кастрычніцкай рады БНФ узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, але да людзей імгненна кінуліся каля дзесяць амонаўцаў, міліцыянтаў і малойцаў у цывільным з голенымі галовамі.

(Міліцыянт: ) “Я папрасіў бы незарэгістраваную, нацыянальную... эээ… сымболіку...”

(Шматгалосьсе: ) “Зарэгістраваная. Яе гарвыканкам зарэгістраваў. Гэта нашая нацыянальная сымболіка. Сьцяг над Домам ураду вісеў”.

(Міліцыянт: ) “Я спадзяюся, вы ўсё сказалі, што хацелі? Вы лічыце, што ёсьць неабходнасьць канфрантацыі нейкай?”

(Людзі: ) “Вось вы й не канфрантуйце. Мы да вас не чапляліся, і вы нам не перашкаджайце сьвяткаваць і шанаваць народнага паэта”.

(Міліцыянт: ) “Ні ў якім разе. Мы таксама паважаем Янку Купалу ня менш, чым вы, але гэта не падстава дэманстраваць свае палітычныя прыхільнасьці. Давайце будзем патрыётамі”.

(Людзі: ) “Гэта не палітычныя прыхільнасьці, а нацыянальныя сымбалі. І гэта нашае беларускае нацыянальнае сьвята, а ня вашае расейскае. Не РНЕ”.

(Міліцыянт: ) “Давайце будзем патрыётамі”.

(Людзі: ) “Дык вось вы такі патрыёт, што сваёй мовай роднай не валодаеце”.

І тое, што адбывалася ў Вязынцы, і сьвяткаваньне юбілейных угодкаў народнага паэта Янкі Купалы па ўсёй Беларусі паэт Уладзімер Някляеў назваў толькі вонкавай праявай наступу цяперашніх уладаў на беларускую гісторыю, мову й культуру. Гаворыць Уладзімер Някляеў:

(Някляеў: ) “Я ўзгадваю, як тут сьвяткавалася 110-годзьдзе Янкі Купалы ў 1992 годзе. Тут хадзілі міністры ў кашулях-вышыванках, размаўлялі па-беларуску. І мянты, дарэчы, размаўлялі й паводзілі па-беларуску. Яны разумелі, што ім ня трэба было дэманстраваць, што яны першыя, а не Купала. Пачалося сыстэмнае, плянавае зьнішчэньне ўсяго беларускага. І сёньня тут — гэта навідавоку”.

Бел-чырвона-белыя сьцягі ў Вязынцы прыхільнікі ідэяў Янкі Купалы спрабавалі ўзьнімаць яшчэ некалькі разоў, але сілавікі ўсё ж прымусілі іх згарнуць. Таму значная частка прысутных мусіла зь Вязынкі зьехаць. А над купалаўскім запаведнікам аж да самага вечара плыў дым ад паленых шашлыкоў, лілася гарэлка ды грымела “Сяброўскае” “Сёньня гудзе ад ранку ў нас гулянка...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG