Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 СУТАК СВАЙГО АДПАЧЫНКУ ЮРЫ ХАДЫКА ПРАВЯДЗЕ Ў НЯВОЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Юрыя Хадыку судзілі ў Горадні, калі той прыяжджаў туды на суд журналістаў “Пагоні”. Судзьдзя дазволіў прафэсару адбыць пакараньне ў сваім горадзе, і Юры Хадыка зьехаў у Менск. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Хадыку за тры дні да заканчэньня тэрміну выкананьня прысуду. Старшыня БНФ Вінцук Вячорка так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Вячорка: ) “Прафэсара Хадыку арыштавалі ў Горадні за ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка, якое праходзіла абсалютна мірна, годна, безь ніякіх намёкаў на антызаконныя дзеяньні. Дый увогуле тыя, хто ведаюць Хадыку, пагодзяцца са мною, што гэта чалавек выключна інтэлігентны, выключна дакладны. І тое, што яго напрыканцы тэрміну, калі згасае час выкананьня прысуду, усё ж згрэблі, згрэблі падступна, амаль апоўначы, каля ягонага дома, паказвае — разам з прысудам Маркевічу і Мажэйку, разам з узбуджэньнем справы супраць Івашкевіча, што ўсе гэтыя ілюзіі, якія мелі эўрапейцы і некаторыя нашы аналітыкі пра зьмякчэньне рэжыму, — што гэтыя ілюзіі былі пустыя”.

Юры Хадыка мае шэраг захворваньняў. Летась ён перанес цяжкую апэрацыю. Ягоная жонка Валянціна Зімніцкая непакоіцца, што 10 сутак арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку яшчэ больш пагоршаць ягонае здароўе. Прафэсар Юры Хадыка працуе ў Акадэміі навук. Цяпер у яго чарговы адпачынак, 10 сутак зь якога ён правядзе ў няволі.
XS
SM
MD
LG