Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА САМІЦЕ КРАІН-КАНДЫДАТАЎ У NATO ПРА БЕЛАРУСЬ АМАЛЬ НЕ ГАВАРЫЛІ


Юры Сьвірко, Рыга

Двухдзённы саміт краін-кандыдатаў у NATO з назовам “Рыга-2002: мост у Прагу” скончыўся прыняцьцем супольнае Рыскае дэклярацыі. У гэтым дакумэнце адзначаецца: “Мы лічым, што тая колькасьць нашых краін, якія скончаць сваю падрыхтоўку, мусяць быць запрошаныя далучыцца да NATO ў лістападзе й да Эўрапейскага Зьвязу ў сьнежні”.

Рыская дэклярацыя таксама вітала новыя стасункі паміж Расеяй і NATO, а яшчэ ўдзельнікі сустрэчы асабліва радыя вітаць Украіну як госьця гэтага саміту.

Чаму ані ў дэклярацыі, ані ў прамовах Рыскага саміту не было ані слова пра Беларусь, якая неўзабаве стане суседкай новых сяброў NATO – Латвіі й Літвы?

Такое пытаньне я задаў прадстаўнікам гэтых дзьвюх балтыйскіх дзяржаваў падчас выніковай прэсавай канфэрэнцыі. Амбасадарка Літвы ў NATO Гінтэ Дамусіс, якая замяшчала свайго прэм'ера Альгірдаса Бразаўскаса, адказаць на гэта не пажадала, а вось кіраўнік ураду Латвіі Андрыс Бэрзыньш зазначыў:

(Бэрзыньш: ) “Наш саміт прызначаны для “Віленскай дзясяткі”, але гэты саміт быў адкрыты для ўсіх, хто хоча удзельнічаць. На жаль, Беларусь не прадэманстравала ніякага жаданьня прыехаць сюды, каб паслухаць, пра што мы тут размаўляем”.

Што да будучых стасункаў з Расеяй – пасьля таго, як дзяржавы Балтыі ўвойдуць у NATO, – спадар Бэрзыньш распавёў пра сваю гутарку з прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім. На пытаньне латвійскага прэм'ера пра тое, што атрымала Польшча пасьля далучэньня да NATO, спадар Квасьнеўскі адказаў гэтак: “Толькі дзьве маленькія рэчы – мы маем гэткія добрыя дачыненьні з Расеяй, якіх ніколі не было ў нашай гісторыі, і яшчэ – наўпроставыя замежныя інвэстыцыі павялічыліся ў Польшчы ў чатыры разы”. Спаслаўшыся на гэтыя словы польскага прэзыдэнта, прэм’ер-міністар Латвіі заявіў, што ягонай краіне таксама патрэбныя гэтыя “дзьве маленькія рэчы”.

Пра Расею, але ў беларускім кантэксьце, сёньня ў Рызе казаў яшчэ Зьбігнеў Бжэзіньскі, былы дарадца ў пытаньнях нацыянальнае бясьпекі прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра. Спадар Бжэзіньскі лічыць: “Паколькі “Эўропа цэлая й свабодная” ня можа быць аддзеленая простай лініі ад Гэльсынскае затокі да Басфорскага праліву, NATO мусіць прадэманстраваць сапраўдны стратэгічны інтарэс у краінах далей на усходзе, якія спадзяюцца на сяброўства ў NATO”.

Паводле Зьбігнева Бжэзіньскага, трэба заахвочваць Украіну й дапамагаць ёй, а “другое пашырэньне NATO ня можа быць апошнім, інакш будуць новыя зоны небясьпекі”. На думку вядомага амэрыканскага геапалітыка, новыя стасункі з Расеяй мусяць быць пашыраныя, нават калі Расея зробіць выбар не падаваць заяўку на сяброўства ў NATO альбо Эўразьвязе. “Шмат залежыць ад таго, ці зможа новая рада NATO—Расея пераадолець традыцыйную варожасьць расейскае бюракратыі й вайскоўцаў Расеі дзеля сапраўдных двухбаковых стасункаў паміж NATO й Расеяй”, – сказаў Зьбігнеў Бжэзіньскі.

Ён таксама дадаў, што можна спадзявацца на тое, што “Расея, рухаючыся бліжэй да Эўропы, сама будзе рабіць унёсак у разьвязаньне тых праблем на эўрапейскім тэатры, якія ўсё больш стаюць несумяшчальнымі са стандартамі дэмакратыі й вяршэнства закону”.

“Я маю на ўвазе анамальную палітычную сытуацыю, што працягваецца ў Беларусі, якая ёсьць гэткім выключэньнем з палітычнага вызначэньня Эўропы, і трагедыю ў Чачні, якая патрабуе канструктыўнага палітычнага вырашэньня”, – сказаў у сваім звароце да ўдзельнікаў рыскага саміту Зьбігнеў Бжэзіньскі.

Адметна тое, што ў тэзысах гэтай ягонай прамовы, распаўсюджаных напярэдадні, была больш жорсткая фармулёўка: “Расея мусіць таксама пазбавіцца свайго імпэрскага багажу: Беларусь, Чачня...”

Пакуль у Рызе адбываўся саміт краін-кандыдатаў у NATO і прымеркаванае да яго сьвята гораду, беларуская амбасада ў Латвіі вырашыла сёньня адначыць два свае сьвяты – афіцыйны Дзень незалежнасьці, што быў 3 ліпеня, ды Купальле.

Натаўскі саміт праходзіў у будынку Латвійскага ўнівэрсытэту, а беларускія сьвяткаваньні – на цэнтральным рынку Рыгі, дзе месьціцца беларускі гандлёвы цэнтар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG