Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАДАЧЫ БЕЛАРУСКАЙ РЭДАКЦЫІ РАДЫЁ ПАЛЁНІЯ МОГУЦЬ ЗЬНІКНУЦЬ З ЭФІРУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Напярэдадні, у інтэрвію радыё ВВС Уладзімер Цімашэвіч сказаў: “Я не сустрэў ніводнага паляка на Ўсходзе, які сказаў бы, што слухае Радыё Палёнія. Таму, я думаю, няма сэнсу выкідаць дзяржаўныя грошы на перадачы, якія не трапляюць да слухача”.

Беларуская рэдакцыя Радыё Палёнія паўстала крыху больш за 10 гадоў таму. Цяпер гэтая рэдакцыя мае 4 гадзіны эфірнага часу на кароткіх хвалях. Праграмы ствараюць некалькі дзясяткаў журналістаў з Варшавы, Менску і Беластоку. Гаворыць дырэктар беларускай рэдакцыі спадарыня Ніна Баршчэўская:

(Баршчэўская: ) “Нашую тэматыку можна падзяліць на тры катэгорыі. Першая, гэта інфармаваньне беларусаў пра польскі шлях да дэмакратыі і прававой дзяржавы. Другая – гэта жыцьцё нацыянальнай меншасьці, і трэцяя – погляд з Польшчы і іншых заходніх дзяржаваў на падзеі ў Беларусі”.

Паводле спадарыні Баршчэўскай, гаварыць пра зьніжэньне цікавасьці слухачоў да праграмаў Беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія няма падставаў.

(Баршчэўская: ) “Дзякуючы актыўнасьці нашых слухачоў штотыдзень у эфіры зьяўляюцца аж тры праграмы: “Рэдакцыйная пошта”, “Канцэрт віншаваньняў”, а таксама перадача, у якой чытачы дзеляцца з намі сваімі поглядамі на польска-беларускія стасункі”.

Паводле неафіцыйных зьвестак, спыненьне вяшчаньня ўсходніх рэдакцыяў Радыё Палёнія заплянаванае на пачатак верасьня. У абарону беларускай рэдакцыі ўжо выказаліся шэраг вядомых арганізацыяў, грамадзкіх дзеячоў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі зь Беларусі і з-за мяжы.

Вось як пракамэнтаваў сытуацыю дырэктар Дэпартамэнту сыстэмаў інфармацыі Міністэрства замежных справаў Польшчы Багуслаў Маеўскі:

(Маеўскі: ) “Сапраўды, нашая ацэнка папулярнасьці перадачаў Радыё Палёнія, зробленая на падставе кантактаў Міністэрства замежных справаў з прадстаўнікамі польскай дыяспары ва ўсім сьвеце, не пацьвярджае таго, што гэтае радыё шмат слухаюць. На нашую думку, гэта азначае, што трэба зьмяніць формулу вяшчаньня, каб інфармацыя больш эфэктыўна трапляла да слухачоў. Адначасова міністар замежных справаў падкрэсьліў, што гэта ня значыць, што трэба звольніць супрацоўнікаў усходніх рэдакцыяў. Паколькі Міністэрства замежных справаў фінансуе Радыё Палёнія толькі часткова, то канчатковае рашэньне што да выгляду адноўленых рэдакцыяў належыць кіраўніцтву Польскага радыё”.

Спадар Маеўскі таксама дадаў, што пакуль рана казаць пра тое, як будуць выглядаць усходнія рэдакцыі Палёніі, бо польскае МЗС разам з кіраўніцтвам радыё цяпер над гэтым працуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG