Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО АДБЫВАЛАСЯ АПОШНІМ ЧАСАМ У КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Па асфальтаванай дарозе ля Курапатаў езьдзяць на роварах й ходзяць пешшу жыхары суседняга мікрараёну. Выпадкова станаўлюся сьведкам размовы двух хлопчыкаў, што едуць на роварах уздоўж ляснога масіву: "А што ўжо больш няма людзей, што жывуць у Курапатах?" і ў адказ: "Дык спалілі ж іхны намёт, вось нікога й няма". Пакрысе зьнікаюць і відавочныя сьведчаньні пра вахту памяці моладзі ў Курапатах, якая доўжылася больш за восем месяцаў. Прыбраныя рэшткі згарэлага намёту, няма ўжо мапы мэмарыялу, над урочышчам не лунае бел-чырвона-белы сьцяг.

Сярод тых, хто наведвае цяпер Курапаты, у большасьці тыя ж самыя людзі, што баранілі й парадкавалі ўрочышча цягам апошніх дзевяці месяцаў. Штодня прыходзіць сюды сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) "Гэты тыдзень быў даволі цёплым, і было шмат людзей. Да Курапатаў зараз вялікая ўвага. Нягледзячы на тое, што ўлады нічога тут ня робяць, каб адзначыць гэтае месца, але людзі прыходзяць. Пазаўчора была дэлегацыя з Нямеччыны. Заўтра Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ праводзіць талаку ў Курапатах. У нас ужо было больш за дзесяць талокаў. Мы будзем тут прыбіраць, думаем пасадзіць кветкі ля галоўнага крыжа, бо нехта на гэтым тыдні іх пазьбіваў".

Уладзімер Юхо часта сустракае ў Курапатах аматараў адпачынку на прыродзе, а таксама тых, хто выгульвае сабак ва ўрочышчы. Надоечы спадар Уладзімер зьвярнуўся да міліцыянтаў, каб тыя забаранілі ладзіць шашлыкі на тэрыторыі ахоўнай зоны. Гэты зварот даў плён – "шашлычнікі" сышлі й нават прыбралі за сабой попел ад вогнішчаў.

Я сустрэла ў Курапатах Сяржука Высоцкага, кіраўніка Беларускай партыі свабоды, аднаго з актывістаў вахты памяці.

(Высоцкі: ) "Відавочна, што барацьба за Курапаты будзе працягвацца. Курапаты – гэта як этап, як станаўленьне нашай дзяржаўнасьці. І пакуль мы не ўшануем Курапаты, да таго часу ня будзе ў нас сваёй дзяржавы. Цяпер гэтае месца пэўным чынам закансэрваванае. Глядзіце, прайшло столькі часу, а ўлады пакуль ня рухаюцца. У любы момант яны могуць крыжы паваліць ці яшчэ што... Магчымасьцяў для гэтага шмат. Але цяпер рэжыму гэта крайне нявыгадна палітычна. Нашы хлопцы прыходзяць сюды рэгулярна, але казаць, што гэта ёсьць патруляваньнем, будзе перабольшаньнем. Прыходзіць Васіль Парфянкоў, Генадзь Дранковіч, Дзяніс Більдзюк, Антось Шкурынскі. Проста, як кажуць, іх ногі нясуць. Калі тут некалькі крыжоў упалі, дык яны іх паставілі разам з прадстаўнікамі КХП БНФ”.

Сяржук Высоцкі распавёў Радыё Свабода, што Алесь Поклад, які пацярпеў ад апёкаў, калі згарэў намёт, дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі. Ён пакрысе папраўляецца, але, паводле Высоцкага, апроч апёкаў Алесь Поклад атрымаў і моцную псыхалягічную траўму й ня хутка здолее паправіцца.

Рэканструкцыя кальцавой дарогі ля Курапатаў вядзецца даволі марудна. За тыдзень тут практычна нічога не зьмянілася – будаўнікі працягваюць рабіць пляцоўку для аўтастаянкі.
XS
SM
MD
LG