Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАЧАЛЬНІК АСТРАВЕЦКАЙ МІЛІЦЫІ ПАТРАБУЕ ПАКАРАЦЬ КІРАЎНІКА ФІЛІІ БГК


Ігар Карней, Менск

Калега спадара Крука, кіраўнік маладэчанскай філіі БГК Эдуард Валанчук распавёў, што пацярпеў Іван Крук непасрэдна за сваю прафэсійную дзейнасьць, калі выступіў у абарону зьняважанага супрацоўнікамі міліцыі жыхара гораду.

(Валанчук: ) "Гэта справа распачалася ў сакавіку, калі ў Астраўцы міліцыянты адвезьлі мужчыну ў лес, кайданкамі прыкавалі да дрэва і вымушалі прызнацца ў крадзяжы, якога той не рабіў. Малады чалавек (яму 30 гадоў) а дзясятай увечары неяк усё ж вызваліўся з палону і босы, голы па сьнезе дабег да першай вёскі, зайшоў да сваякоў, папрасіў апрануцца і пабег дадому. Калі міліцыянты ўначы прыехалі ў лес і хлопца, натуральна, не знайшлі, то накіраваліся да ягонага дому, але бацькі забарыкадаваліся і нікога не пусьцілі. Пасьля гэтага маці напісала некалькі заяваў у Астравецкае прадстаўніцтва БГК. Усе заявы ёсьць у спадара Крука, яны зарэгістраваныя...

Дарэчы, так катавалі людзей, мабыць, толькі фашысты, і трэба яшчэ разабрацца, што за людзі працуюць у Астравецкім аддзеле ўнутраных спраў. Паглядзім, што скажа з гэтай нагоды суд”.

Сёньняшні судовы працэс на запатрабаваньне начальніка астравецкай міліцыі цалкам закрыты ад пабочных вачэй. Але калегі спадара Крука, якія з раніцы выехалі на месца, каб падтрымаць сябра прынамсі маральна, лічаць, што паседжаньне ня мае ніякіх законных падставаў, паколькі абласная пракуратура, якая вядзе справу сям'і пацярпелага хлопца да астравецкіх міліцыянтаў, не зрабіла яшчэ ніякіх высноваў. Таму апярэджваць падзеі і абвінавачваць у перадузятасьці праваабаронцу проста заўчасна. Працягвае Эдуард Валанчук:

(Валанчук: ) "Справу вядзе гарадзенская пракуратура. Але пасьля некалькіх рэпартажаў спадара Крука ў газэце начальнік мясцовай міліцыі палічыў, што закрануты ягоны гонар, і падаў пазоў на Крука, што той зьняважыў ягоныя міліцэйскія годнасьць і гонар. Але рэч цікавая тым, што пракуратура яшчэ сьледзтва ня скончыла, а кіраўнік астравецкай міліцыі ўжо падае ў суд. Так што тут альбо хочуць неяк выгарадзіць свой райаддзел, альбо справу канчаткова заблытаць. Ня ведаем, што адкажа пракуратура, але, як казаў наш гарадзенскі сябра Аляксандар Антанюк, і міліцыя, і пракуратура — гэта дзьве рукі. Адна адну мые, але абедзьве брудныя".

На думку калегаў Івана Крука, судовы працэс супраць астравецкага праваабаронцы расьцягнецца да таго часу, пакуль мясцовыя сілавікі ня будуць упэўненыя ў сваёй беспакаранасьці.
XS
SM
MD
LG