Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦI АДКРЫТЫ РАХУНАК ДЛЯ ДАПАМОГІ РОДНЫМ СЯМ'I ШЫСЛОЎСКIХ


Алег Супрунюк, Берасьце

Хата, якую сям'я Шыслоўскiх нядаўна пабудавала ў вёсцы Вычулкi каля Берасьця, зараз зачыненая. Бацька загiнулага гаспадара хаты – Вiктар Шыслоўскi – ад учорашняга дня знаходзiцца ў Нямеччыне. Ён запрошаны нямецкiм бокам дзеля таго, каб сярод знойдзеных фрагмэнтаў целаў апазнаць свайго сына, нявестку i дзьвюх унучак. Мацi – Палiна – зараз у кардыялягiчным аддзяленьнi Берасьцейскага абласнога шпiталю. У мэдычную ўстанову з дыягназам "iнсульт" яна трапiла яшчэ напярэдаднi авiякатастрофы. Дагэтуль лекары не адважылiся распавесьцi хворай жанчыне пра трагедыю, што здарылася зь сям'ёй ейнага сына.

Супрацоўнiкi вытворчай фiрмы "Дзiома", дзе працаваў Алег Шыслоўскi, паведамiлi, што ў яго была магчымасьць зьмянiць свой маршрут, каб разам з сям'ёю трапiць на адпачынак у Гiшпанiю. Турыстычная фiрма, куды зьвярнулiся Шыслоўскiя, прапанавала акрамя вылету з Масквы аналягiчны авiярэйс з Варшавы. Алег Шыслоўскi абраў маскоўскi варыянт: быццам бы самалёт з расейскай сталiцы трапляў у Барсэлону значна раней, чым лайнэр з Польшчы. Але на свой рэйс ў аэрапорт "Дамадзедава" сям'я Шыслоўскiх не пасьпела: цягнiк "Прага–Масква", у якiм ехалi Шыслоўскiя, каля станцыi Цеўлi Кобрыньскага раёну сутыкнуўся зь легкавым аўтамабiлем. Ахвярамi гэтага здарэньня сталi шэсць чалавек, што знаходзiлiся ў машыне.

З-за спазьненьня цягнiка Алег Шыслоўскi i ягоная сям'я ня здолелi сваечасова атрымаць вiзы ў гiшпанскай амбасадзе ў Маскве. Спатрэбiлася яшчэ некалькi дзён, пакуль чацьвера берасьцейцаў атрымалi дазвол на вылет рэйсам у Барсэлёну, што ажыцьцяўляла кампанiя "Башкiрскiя авiялiнii". Гэты палёт стаўся апошнiм у жыцьцi 43-гадовага Алега Шыслоўскага, ягонай 40-гадовай жонкi Людмiлы i дачок – Юлii, якой споўнiлася 15 год, i 17-гадовай Вольгi. Абедзьве дзяўчынкi вучылicя ў берасьцейскiм лiцэi нумар 1, прычым у Вольгi былi толькi выдатныя адзнакi.

Гаворыць адна з сябровак Вольгi Шыслоўскай:

"Дагэтуль я не магу паверыць, што мы ня будзем разам сьвяткаваць выпускны вечар, што яна нiколi не прыйдзе ў наш кляс. Гэта быў проста шок – я не магла паверыць... Я чула, што разьбiўся самалёт, але абсалютна ня ўзьнiкла думкi, што там магла быць Вольга..."

Улады Берасьця абвесьцiлi пра адкрыцьцё адмысловага рахунку дзеля аказаньня дапамогi родным загiнулых. У сваю чаргу кiраўнiцтва фiрмы "Дзiома" таксама абвесьцiла, што возьме на сябе выдаткi ў часе пахаваньня сям'i Шыслоўскiх i надалей будзе падтрымлiваць iхных сваякоў.
XS
SM
MD
LG