Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА БЭРЛІНСКАЙ СЭСІІ ПА АБСЭ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ І АПАЗЫЦЫЯ БУДУЦЬ АДСТОЙВАЦЬ СУПРАЦЬЛЕГЛЫЯ ПАЗЫЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Гэтая заява будзе перададзеная кіраўніцтву Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ на сэсіі Асамблеі, якая пройдзе 6—10 ліпеня ў Бэрліне. Апазыцыя прапануе вырашаць пытаньне пра аднаўленьне месца беларускага парлямэнту ў гэтай арганізацыі ў залежнасьці ад выкананьня беларускімі ўладамі патрабаваньняў эўрапейскай супольнасці, датычных дэмакратызацыі грамадзтва.

Кіраўнік апазыцыйнай дэлегацыі Анатоль Лябедзька напярэдадні ад'езду зь Менску ў інтэрвію нашаму радыё так прагназуе магчымыя падзеі на сэсіі ў Берліне:

(Лябедзька: ) "Кажуць, зараз у Бэрліне за 30 градусаў. Я думаю, што і палітычная тэмпэратура таксама будзе на высокім узроўні. Зноў моцныя спадзевы ў афіцыйнай дэлегацыі на ўзнаўленьне статусу. Гэта будзе галоўным пытаньнем, вакол якога пойдзе дыскусія. І тут многае залежыць ад прэзыдэнта Парляменцкай Асамблеі Севярына: ці ён будзе выносіць пытаньне на Сталы камітэт, ці будзе сам прымаць нейкія рашэньні. А ў астатнім, у нас ёсьць мандат, як і вырашыла Кансультацыйная рада, і ў межах гэтага мандата мы будзем дзейнічаць. Галоўнае для нас, безумоўна, не дапусціць легітымізацыі нацыянальнага сходу. Для гэтага няма ніякіх падставаў: ні палітычных, ні прававых, ні маральных. Па-другое, у нас ужо заплянаваны шэраг двухбаковых сустрэчаў, і пытаньне пойдзе пра свабоду слова ў Беларусі, пра стварэньне камісіі дзеля расьследаваньня гучных беларускіх справаў".

Летась на зімовай сэсіі ПА АБСЭ ў стасунку да Беларусі была прынятая канцэпцыя так званага пустога крэсла. Гэта азначае, што з таго часу беларускі парлямэнт ня мае прадстаўніцтва ў гэтай арганізацыі. Міжнародныя парлямэнтары ў студзені 2001 году зыходзілі з таго, што паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ўжо скончаныя, а палата прадстаўнікоў была абраная недэмакратычным шляхам.

Зараз мяркуецца, што 6 ліпеня беларускае пытаньне будзе разглядацца на паседжаньні Сталага камітэту ПА АБСЭ. Згодна з працэдурай, тут галасуюць толькі кіраўнікі нацыянальных дэлегацыяў, а рашэньні прымаюцца паводле формулы "кансэнсус мінус адзін". Калі ж гэтае пытаньне будзе вынесенае на плянарнае паседжаньне ўсёй сэсіі, дык тады галасаваць будзе кожны дэпутат (а іх больш за 300), і рашэньне прымаецца звычайнай большасьцю.

На 8 ліпеня адмысловая рабочая група ў справах Беларусі на чале з дэпутатам Бундэстагу Утай Цапф заплянавала дыскусію аб сытуацыі ў Беларусі. На яе ужо запрошаныя дзьве беларускія дэлегацыі: Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў і нацыянальнага сходу. Дарэчы, апазыцыю разам з Анатолем Лябедзькам будуць прадстаўляць Валянціна Палевікова і Ўладзімер Нісьцюк, а афіцыйныя ўлады ўтварылі дэлегацыю ў складзе Ўладзімера Канаплёва, Натальлі Андрэйчык, Анатоля Красуцкага і Юрыя Марозава.
XS
SM
MD
LG