Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Разам гледачы ўбачаць 38 выбітных пастановак. Адметнасьць сёлетняй імпрэзы ў тым, што, акрамя драматычных спэктакляў можна будзе паглядзець цыркавыя і танцавальныя прадстаўленьні, , удзельнічаць у выставах і чытках п’ес, спэктаклях марыянэткаў, канцэртах і дыскусіях. Завершыцца фэстываль 27 ліпеня.

ЗША. Тры жывыя музыкі легендарнага гурту “The Doors” паведамілі пра пляны вяртаньня на сцэну. Праз 30 гадоў пасьля сьмерці саліста гурту Джыма Морысана яны маюць намер выправіцца ў турнэ. На канцэртах, якія адбудуцца ў ЗША і Эўропе, месца Морысана зойме Ян Эстбёры – лідэр вядомай ў 1980-х гадох каманды “The Cult”. Паведамляецца, што клявішнік “The Doors” Рэй Манзарэк, гітарыст Робі Крыгер і барабаншчык Джон Дэнсмар напісалі новыя песьні для новага альбому. Ужо дакладна вядомая дата першага канцэрту туру – ён адбудзецца 6 верасьня ў каліфарнійскай залі “Motor Speedway”. Канцэрты будуць працягвацца ў 2003 годзе, а пасьля музыкі распачнуць запіс студыйнага альбому.

УКРАІНА. Фільм “Малітва пра гетмана Мазэпу” ўкраінскага рэжысэра Юр’я Ільенкі, хутчэй за ўсё, ня выйдзе ў расейскі кінапракат. Міністар культуры Расейскай Фэдэрацыі Міхаіл Швыдкой заявіў, што, паводле ягонага меркаваньня, “фільм у значнай ступені скрыўляе гісторыю і ня пойдзе на карысьць стасункам Расеі і Ўкраіны”. Міністар дадаў, што зараз вядуцца тлумачальныя гутаркі з пракатчыкамі, бо міністэрства культуры ня мае паўнамоцтваў забараніць паказ стужкі. Карціна ўслаўляе ўкраінскага гетмана Мазэпу, які, паводле афіцыйнай расейскай гістарыяграфіі, імкнуўся адлучыць левабераговую Ўкраіну ад Расеі, а ў часе Паўночнай вайны перайшоў на бок швэдаў. Апроч таго, у фільме скрайне нэгатыўна пададзены вобраз Пятра Першага.

ШВАЙЦАРЫЯ. Карціна Васіля Кандзінскага “Імправізацыя нумар 10”, сканфіскаваная нацыстамі ў 1937 годзе як “дэгенэратыўнае мастацтва”, застанецца ў адной з мастацкіх галярэяў Базэлю. Пазасудовае пагадненьне пра гэта было дасягнутае паміж ўладальнікамі галерэі – фондам Эрнста Бэйлера – і спадкаемцамі ягонай ўдавы Сафі Лісіцкі-Куйпэрс. Цяжба з-за палатна працягвалася каля году. Умовы пагадненьня, якія задаволілі абодвы бакі, не паведамляюцца, але карціна застанецца ў музэі Райхэна.

КІТАЙ. На паліцах кітайскіх крамаў зьявілася новая, ужо пятая, кніга пра прыгоды юнага чарадзея Гары Потэра. Аднак гэтым разам яна ня мае ніякага дачыненьня да пісьменьніцы Роўлінг. Назоў падробкі ва ўсходнім духу – “Гары Потэр і леапард набліжаюцца да дракону”. Невядомыя піраты ўкралі ня толькі імя Роўлінг і асноўных герояў эпапеі, але і імёны кітайскіх перакладчыкаў, якія працавалі над чатырма першымі кнігамі. Нягледзячы на відавочную неадпаведнасьць стылю Роўлінг, кніга карыстаецца посьпехам у кітайскіх пакупнікоў. Кампанія “Christopher Little Literary Agency”, якая займаецца выданьнем арыгінальных твораў пра Гары Потэра, распачынае дэталёвае расьследаваньне крадзяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG