Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ КУПІЦЬ ЭЎРА?


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Менску ля пунктаў абмену валюты можна было бачыць чэргі. Людзі, якія прыйшлі купіць эўра, сутыкнуліся зь цяжкасьцямі:

(Спадарыня: ) “У банках няма эўра”.

(Карэспандэнт: ) “Ці сутыкнуліся вы зь цяжкасцямі ў набыцьці эўра?”

(Іншая спадарыня: ) “Пачаліся цяжкасьці”.

(Пяскоў: ) “Я пайшоў па банках, абышоў банкі — і нічога не было. Нідзе не было эўра”.

(Карэспандэнт: ) “Для чаго вам эўра?”

(Пяскоў: ) “Каб адкрыць візы. Усе амбасады працуюць толькі з эўра”.

(Карэспандэнт: ) “Вы кудысьці зьбіраецеся паехаць?”

(Пяскоў: ) “У Італію”.

Я асабіста наведаў каля дзясятка абменных пунктаў у цэнтры сталіцы і не знайшоў ніводнага, дзе б сёньня гандлявалі эўрапейскай валютай. Касірка “Беларусбанку” па вуліцы Карла Маркса Ірына Андрушкевіч так патлумачыла сытуацыю з эўра:

(Андрушкевіч: ) “У нас сёньня няма ў продажы эўра. Бывае вельмі рэдка. Бо пачаўся сэзон, усе ад’яжджаюць у адпачынак”.

У турыстычных кампаніях мне пацьвердзілі, што іхныя кліенты, якія зьбіраюцца на летні адпачынак у краіны Заходняй Эўропы, сапраўды ня маюць магчымасьці запасьціся на дарогу наяўнымі эўра. Вось што паведаміла на гэты конт мэнэджэрка турыстычнай фірмы “Смалянка” Марыя Адамовіч:

(Адамовіч: ) “Шмат хто сёньня прыходзіў, і людзі зьдзіўленыя, чаму ў банку нельга свабодна купіць эўра. Мы кожныя дзесяць дзён накіроўваем новы тур, і людзі пытаюцца, як ім набыць эўра. Паколькі тут у Беларусі эўра мае больш выгадны курс, чым у краінах эўразоны. Вось сёньня да мяне прыходзіла шмат людзей, якія ад’яжджаюць заўтра ў Чарнагорыю, але за тыдзень так і не змаглі набыць эўра. У мяне просяць парады, але я і сама ня ведаю, чаму даляры ёсьць, а эўра няма”.

А што думаюць наконт дэфіцыту тыя, хто мусіць клапаціцца пра патрэбы насельніцтва? Як вядома, дзяржаўны “Беларусбанк” — адна з такіх установаў. Вось што адказаў на гэтае пытаньне начальнік упраўленьня інфармацыі “Беларусбанку” Віктар Супрунчук:

(Супрунчук: ) “Магчыма, нехта прыйшоў у нейкі абменны пункт, і там не было эўра. Але ў асноўным абменныя пункты забясьпечаныя неабходнай колькасьцю эўра. Такая афіцыйная пазыцыя “Беларусбанку”.

У Нацыянальным банку мяркуюць на гэты конт крыху інакш. Гаворыць начальнік упраўленьня Нацбанку Анатоль Драздоў:

(Драздоў: ) “У сувязі з тым, што апошнія некалькі тыдняў курс эўра адносна курсу даляру ЗША значна вырас, то ўзрос і попыт на наяўны эўра ў беларускіх банках. Да таго ж мае месца сэзонны фактар. Грамадзяне Беларусі едуць адпачываць у краіны эўразоны, і таму ўзрасла патрэба насельніцтва ў гэтай валюце. Як вынік, запасы эўра ў нашых банках пачалі зьмяншацца. Але гэта часовая зьява. Банкамі ў бліжэйшыя дні валюта будзе завезеная, і яе будзе дастаткова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG