Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДМЫСЛОВАЯ КАМІСІЯ ВЫРАШАЕ, ЦІ ШКОДЗІЦЬ БЮЛЕТЭНЬ “ЭМІГРАНТ” ІНТАРЭСАМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Вось што паведаміў сёньня Радыё Свабода намесьнік начальніка гарадзенскай мытні спадар Cівіцкі:

(Сівіцкі: ) “Экспэртыза павінна быць скончаная заўтра. Хачу падкрэсьліць, што тавар ня быў канфіскаваны, а часова затрыманы да высьвятленьня абставінаў. Экспэртыза вырашыць, ці можа тавар быць увезены на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Калі не, дык мы прапануем ягонаму ўладальніку, можа, вывезьці тавар назад у Польшчу. Каб не было ніякіх цяжкасьцяў у яго, а таксама пытаньняў, зьвязаных з далейшым распаўсюджваньнем і перамяшчэньнем тут у нас”.

Варта адзначыць, што паводле дырэктара Магілёўскага праваабарончага цэнтру Сяргея Абадоўскага, які рэйсавым аўтобусам “Беласток-Менск” вёз у панядзелак уначы 210 паасобнікаў бюлетэню “Эмігрант”, у часе кантролю супрацоўнікі мытні адразу, без аніякай экспэртызы, вырашылі, што выданьне шкоднае. З Магілёву гаворыць Сяргей Абадоўскі:

(Сяргей Абадоўскі: ) “Спадарыня мытны інспэктар, яе прозьвішча Рассальная, паглядзеўшы на бюлетэнь, цягам адной хвіліны вырашыла, што ён шкодзіць інтарэсам Рэспублікі Беларусь, і таму трэба затрымаць”.

Сын Сяргея Абадоўскага – Ясь Абадоўскі, які ёсьць старшынём Зьвязу беларусіх палітычных уцекачоў у Польшчы і адначасова рэдактарам “Эмігранта”, паведаміў нашаму радыё, што рэдакцыя не пакіне спробаў зрабіць так, каб бюлетэнь можна было чытаць і ў Беларусі. Зь Беластоку гаворыць Ясь Абадоўскі:

(Ясь Абадоўскі: ) “Мы разглядаем такую магчымасьць, каб зьмяшчаць “Эмігрант” і ў інтэрнэце, тады ўжо яго нельга будзе канфіскаваць. Але ў традыцыйны спосаб, на паперы, бюлетэнь таксама будзе выдавацца”.
XS
SM
MD
LG