Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НОВЫ СТАРЫ ГІМН


Сяргей Дубавец, Вільня

Новы стары гімн трэба разглядаць як даніну настальгіі па савецкіх часах і як перайманьне расейскага прыкладу, а найперш як сьведчаньне пераходнага пэрыяду, этапу нацыянальнага станаўленьня, які перажывае сёньня Беларусь. Мы ў нашых адчуваньнях яшчэ не зусім самастойная нацыя, мы яшчэ не пачалі мысьліць маштабамі сваёй краіны. Таму нам пасуе ўсё дзіцячае, інфантыльнае, безгустоўнае, аматарскае і прымітыўнае. Мы як нацыя яшчэ мала чаго ўмеем самі і ў такіх вось нацыянальных справах схільныя пераймаць узоры паводзінаў іншых. Мы гаворым шмат словаў, якія настолькі шматзначныя, што ў выніку ня значаць нічога.

Сам пачатак старога новага гімну са слова "мы" не адпавядае псыхалёгіі беларусаў з аднаго боку і разьлічаны хутчэй на прадстаўленьне навонкі, чым дзеля ўнутранага ўжытку. Гімны большасьці сталых нацыяў пачынаюцца не з самахарактарыстыкі, а з услаўленьня сваёй краіны. У нас жа, дзякуючы тэлевізіі, вялікая частка народу дагэтуль жыве ў савецкіх або расейскіх маштабах. Каб уславіць Беларусь, мы яшчэ толкам ня ведаем, што яна такое. І ня толькі мы – паспалітыя людзі. У Мазыры мне распавядалі, як першы прэзыдэнт на сёмым годзе прэзыдэнцтва быў шчыра зьдзіўлены, што ў Беларусі ёсьць такі горад – горад у гарах.

"Мы беларусы – мірныя людзі". Першы радок, відавочна, і будзе ўсім, што застанецца ад тэксту гімну ў памяці беларусаў. Мірныя – гэта значыць рахманыя, спакойныя з аднаго боку, а зь іншага – ніякія ці, дзеля алітэрацыі, – марныя. Мы яшчэ ніякія людзі, каб казаць пра сябе штосьці рэальна ацэначнае. То былі з братняю Русьсю, гэта значыць несамастойныя, несамадастатковыя. Цяпер адарваліся і яшчэ не разабраліся ў сабе самых. Лішне казаць, што ніякія мы насамрэч ня мірныя, і ўжо ніяк не мірнейшыя за іншых. У параўнаньні з народамі-суседзямі мы якраз ваенныя людзі. Бо ў сыстэме знакаў і сымбаляў нашай гісторыі пераважаюць не асьветнікі і не рэфарматары, а менавіта бітвы, асобы тэрарыстаў, партызан і падпольшчыкаў. Зрэшты, калі б новы гімн пачынаўся радком "мы, беларусы вайсковыя людзі" – гэта абсалютна нікога б не зьдзівіла. У гэтым характарыстыка стаўленьня народу да тэксту і аўтараў тэксту да народу.

Ніл Гілевіч у "Народнай Волі" назваў новы гімн "піндуляй" і зьвярнуў увагу на дысгарманічныя зьбегі гукаў. Гэта таксама характарызуе аўтарытарны характар песьні, калі нават падазрэньне ў безгустоўным зьбегу разглядаецца як недарэчнае або злачыннае. Памятаеце, як на працягу дзесяцігодзьдзяў мільёны савецкіх людзей сьпявалі "Широка страна моя родная, много в ней лесов, полей и рек..." І нікому нават у галаву не прыходзіла ўгледзець гэтае "говней" або, крый Божа, сказаць пра гэта публічна.

Новы гімн РБ – адпаведны астатняй дзяржаўнай сымболіцы, якую спрэс хочацца браць у двукосьсі разам са словамі парлямэнт, прэзыдэнт, дзень Рэспублікі і самой Рэспублікай Беларусь, дзе слова Беларусь не скланяецца, нібыта яно замежнае або ўзятае ў двукосьсі. Уявіце сабе ў такім атачэньні гімн "Магутны Божа" і вы зразумееце ўсю неадпаведнасьць гімну сапраўднага і вечнага гэтым пераходным дзяржаўным атрыбутам.

Рана ці позна аўтарытарызм сыходзіць з палітычнае арэны, а ягоныя сымбалі адпраўляюцца ў музэі таталітарнага мастацтва. Сёньняшні кіраўнічы рэжым у Беларусі прыняцьцем гімну давяршае будучую экспазыцыю таго музэю.

Тым часам у Беларусі зьяўляюцца сьмешныя пародыі на новы гімн – "Мы беларусы, самі бязвусы..." і падобнае, што падкрэсьлівае аптымістычны характар агульнай сытуацыі. Беларусам хапае досьціпу, каб адэкватна рэагаваць на высокасаноўнае шалупіньне.
XS
SM
MD
LG