Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАЎНЕРЫ БЕЛАРУСКАГА ЭСКАДРОНУ ВЫЗВАЛЯЛІ БЕЛАРУСЬ АД НЕМЦАЎ І ПАРТЫЗАНАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Перад ад’ездам зь Літвы ў ЗША Сямён Шарэцкі палічыў сваім абавязкам распавесьці пра палітэмігрантаў савецкага часу, чые імёны амаль не вядомыя на радзіме. Да прыкладу, Хведар Нюнька — сябра рады БНР, выдавец газэты “Рунь”, Ніна Брылеўская — актывістка Таварыства беларускай культуры і Кастусь Шышэя, які незалежнасьць Беларусі ў гады нямецкай акупацыі здабываў не пад сьцягамі савецкіх чырвонаармейцаў, але ў беларускім эскадроне, дзе выконваў абавязкі ад’ютанта Барыса Рагулі.

Сялянская сям’я Шышэяў зь вёскі Краскоўскія горы пад Наваградкам, як многія ў Заходняй Беларусі, хутка зразумела, што савецкая ўлада — гэта калгасны прыгон і беднасьць. А калі падчас вайны партызаны рабавалі вёску, забівалі жыхароў амаль як і немцы, Кастусь цьвёрда вырашыў змагацца — як супраць нацыстаў, так і супраць бальшавікоў.

Калі фронт быў на Захадзе, у 1944 годзе ў складзе сяброў беларускага эскадрону Шышэя дэсантаваўся на вызваленай тэрыторыі, каб гуртаваць народ супраць саветаў. Арыштаваны быў па даносе, і пакараньне, 10 гадоў сталінскіх лягераў, адбыў, як кажуць, ад званка да званка. Але спадар Шышэя і цяпер перакананы, што выбар тады зрабіў правільны. Гаворыць Кастусь Шышэя:

(Шышэя: ) “У той час ляцець за фронт падбударажыць, падняць гэты народ — гэта шаленства было. Шарэцкі кажа — рамантыкі сабраліся. Гэта не рамантыка, а неабходнасьць была. Мы хацелі стварыць сваю дзяржаву, і быў шанец. Нам талкавалі, што пасьля вайны павінны быць рэфэрэндум і людзям неабходна было дапамагчы, падказаць што да чаго, бо незалежнасьці ў Беларусі доўга не было. А калі мы прыйдзем у вёску чалавек дзесяць, скажам, што мы беларускія жаўнеры, то людзі за намі пойдуць. Вось за чым мы ляцелі”.

Спадар Шышэя да сёньня не рэабілітаваны. Але ён й не дамагаўся ад цяперашніх уладаў прызнаньня, а перад народам і радзімай вінаватым сябе ніколі не лічыў. Як і ў гады маладосьці, Кастусь Шышэя не абыякавы да палітычных падзеяў на сваёй радзіме і вельмі непакоіцца за лёс Беларусі.

(Шышэя: ) “У Літве брыдка называцца беларусам. Што гаварыць, калі самі сябе занядбалі. Выбралі чалавека, які ня мае папулярнасьці ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы, нідзе. Нельга так жыць, як жывуць беларусы. Я вельмі задаволены, што моладзь бунтуецца. Гэта дае надзею, што людзі ня цалкам заняволеныя. Ёсьць надзея”.

Ягоная жонка Лёдзя за сваю беларускасьць таксама зьведала сталінскі ГУЛАГ. Сьвята Незалежнасьці Беларусі яны штогоду сьвяткуюць 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG