Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖУРНАЛІСТЫ ЛІТВЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ПРЫСУДУ ЖУРНАЛІСТАМ "ПАГОНІ"


Тацяна Поклад, Вільня

Лісты з заявай пратэсту ад Саюзу журналістаў Літвы накіраваныя, апроч як да прэзыдэнта Беларусі, у амбасаду Рэспублікі Беларусь у Літве, у Беларускую асацыяцыю журналістаў, Гарадзенскаму мясцоваму выканаўчаму камітэту, а таксама ў міжнародную арганізацыю абароны правоў журналістаў. Старшыня Саюзу журналістаў Літвы Рімгаўдас Эйлінавічус кажа, што ўважліва назірае за сытуацыяй на Беларусі.

(Эйлінавічус: ) "Мы загадзя ведалі, што будзе суд над "Пагоняй", бо падтрымліваем сувязі зь беларускімі журналістамі, амаль кожны дзень размаўляем. Другі год працуем разам над супольным эўрапейскім праектам. Мы ведаем пра ўсё, што робіцца на Беларусі. Першая нашая заява была яшчэ перад судом, і мы не дапусьцілі, каб гэта замоўчвалася".

У сродках масавай інфармацыі Літвы заява зьявілася пад загалоўкам "Сябры псэўда-дэмакратычнай Беларусі ў Сойме замоўчваюць абмежаваньне свабоды журналістаў". Меліся на ўвазе некалькі прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі сярод літоўскіх парлямэнтароў, якія цьвердзяць, што Беларусь ёсьць дэмакратычнай краінай. Саюз журналістаў Літвы як мог парупіўся, каб заява пратэсту прагучала як найшырэй ў літоўскіх мас-мэдыях. У заяве гаворыцца:

"Саюз журналістаў Літвы заклапочаны судовым выракам журналістам гарадзенскай апазыцыйнай газэты "Пагоня" – галоўнаму рэдактару газэты Міколу Маркевічу і супрацоўніку рэдакцыі Паўлу Мажэйку.

Саюз журналістаў Літвы ўпэўнены, што суд над гэтымі двума журналістамі азначае ні што іншае, як змаганьне ўлады з незалежнай беларускай прэсай і зьяўляецца адкрытым парушэньнем правоў чалавека і Міжнароднага пагадненьня пра палітычныя і грамадзянскія правы, якое Рэспубліка Беларусь сама падпісала.

Мы салідарныя з нашымі бязьвінна засуджаннымі калегамі і выказваем пратэст супраць чарговага ўціску свабоды слова і парушэньня правоў чалавека, якія зьяўляюцца гарантам дэмакратычнага грамадзтва. Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць перасьлед свабоднай прэсы ў краіне".
XS
SM
MD
LG