Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЁНЬНЯШНЯЙ ПРАМОВЕ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НЯ ЗГАДВАЎ ПРА РАСЕЮ Й ІНТЭГРАЦЫЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Ужо з самай раніцы ўсе подступы да Кастрынічцкай плошчы Менску, дзе мусіў праходзіць вайсковы парад, былі перагароджаныя міліцэйскімі кардонамі. Таксама спынілі рух на праспэкце Францішка Скарыны. Такім чынам улады спрабавалі не пусьціць на плошчу людзей, якія ня мелі адмысловых прапускоў. Аднак жыхары Менску і так ня надта імкнуліся паглядзець на гэтае відовішча.

А 9 гадзіне раніцы на плошчы Перамогі, дзе Аляксандар Лукашэнка разам з Уралам Латыпавым, Генадзем Навіцкім, Віктарам Шэйманам ды іншымі высокімі чыноўнікамі ўскладаў кветкі, прыйшло каля 200 чалавек. Не нашмат больш людзей назірала за парадам з-за міліцэйскага кардону ў раёне парку Янкі Купалы.

Аляксандар Лукашэнка ў сваёй прамове доўга гаварыў пра вызваленьне ад фашыстаў і дзякаваў вэтэранам за перамогу. Цяпер жа Беларусь, паводле Лукашэнкі, вельмі паважаная ў сьвеце дзяржава.

Лукашэнка хваліў беларускую эканамічную мадэль і абяцаў, што Беларусь паступова зраўняецца па эканамічных паказчыках з разьвітымі эўрапейскімі краінамі. Ён таксама згадаў нейкія дзяржавы, якія па-ранейшаму выкарыстоўваюць ваенныя спосабы дзеля вырашэньня палітычных праблемаў:

(Лукашэнка: ) “Урокі гісторыі ня ўсім пайшлі на карысьць. Рашэньне палітычных праблемаў ваенным спосабам па-ранейшаму застаецца ў арсэнале сродкаў зьнешняй палітыкі некаторых дзяржаваў”.

Замежных дыпляматаў, якія прысутнічалі на парадзе, Аляксандар Лукашэнка пераконваў, што выступае за шматвэктарнасьць замежнай палітыкі Беларусі. Цікава, што цягам сваёй 10-хвіліннай прамовы Лукашэнка ні разу не згадаў пра інтэграцыю, пабудову саюзнай дзяржавы і г.д. Нават слова “Расея” не прагучала сёньня зь ягоных вуснаў. Затое шмат разоў гучалі словы “патрыятызм” і “незалежнасьць”. А вайсковы хор і аркестар нават выканалі беларускамоўны патрыятычны марш.

Парад скончыўся прыкладна за 15 хвілінаў. Некалькі аддзелаў сувораўцаў, вайскоўцаў, памежнікаў і міліцыянтаў (сёлета без вайсковай тэхнікі) прашпацыравалі па праспэкце, пасьля чаго іхнае месца занялі калёны гэтак званай грамадзкасьці.

Шэсьце піянэраў, студэнтаў і спартоўцаў было больш працяглае. Разам з прадстаўнікамі летніх відаў спорту свае здольнасьці на менскім асфальце дэманстравалі ўлюбёныя Аляксандрам Лукашэнкам хакеісты й лыжнікі.

Увесь парад і дэманстрацыя працягваліся ня больш за гадзіну, пасьля чаго трохі расчараваныя гледачы групамі накіраваліся ў бок Палацу спорту, дзе арганізатары сьвяткаваньня абяцалі наладзіць канцэрт.
XS
SM
MD
LG