Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НІЯКАГА ДАЧЫНЕНЬНЯ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ ДЗЕНЬ 3 ЛІПЕНЯ НЯ МАЕ”


Ганна Соусь, Менск

Паводле доктара гістарычных навук прафэсара Анатоля Грыцкевіча, 3 ліпеня ёсьць толькі днём вызваленьня Менску ад нямецка-фашыстоўскіх войскаў, а ня Днём Незалежнасьці. Ён распавядае, як адбывалася вызваленьне Менску.

(Грыцкевіч: ) “Якраз падчас вялікай беларускай наступальнай апэрацыі з кодавай назвай “Багратыён”. Гэта была толькі адна менская апэрацыя, адна з частак ваеннай апэрацыі. Увогуле, ніякага дачыненьня да незалежнасьці гэты дзень ня мае. 3 ліпеня ўжо апоўдні Менск быў заняты войскамі 1-га і 3-га беларускіх франтоў Чырвонай Арміі. Вызваленьне ад нямецкіх войскаў ішло далей. Берасьце было занятае 28 ліпеня, а праз тры дні, 31 ліпеня, якраз на паўночным захадзе ад Берасьця была ліквідаваная апошняя нямецкая групоўка. Так што апошні дзень ліпеня — гэта якраз дзень вызваленьня той дзяржаўнай тэрыторыі, якую займяе цяпер Рэспубліка Беларусь. Я не кажу пра Беласточчыну ці пра Вільню”.

Анатоль Грыцкевіч мяркуе, што дзень 3 ліпеня быў наўмысна абраны беларускімі ўладамі й асабіста Аляксандрам Лукашэнкам як галоўнае дзяржаўнае сьвята.

(Грыцкевіч: ) “Якраз каб замяніць Дзень Незалежнасьці 1991 году і Дзень Дэклярацыі Незалежнасьці 1990 году. І каб увогуле не ўспамінаць пра 25 сакавіка 1918 году — вось гэта наш сапраўдны Дзень Незалежнасьці, Дзень Волі. А 3 ліпеня — гэта толькі вынік вайсковай апэрацыі, якую праводзіла Чырвоная Армія падчас наступу на Нямеччыну. Пасьля гэтай апэрацыі пачалася апэрацыя ў Польшчы й нават ва Ўсходняй Прусіі. Так што да незалежнасьці ня мае ніякага дачыненьня”.

Прафэсар Анатоль Грыцкевіч мяркуе, што 3 ліпеня павінен быць для беларусаў звычайным працоўным днём.

(Грыцкевіч: ) “А наконт незалежнасьці... Кожнаму зразумела, што гэта вялікая падзея — вызваленьне Беларусі ад нямецка-фашыстоўскай навалы, ад зьнішчэньня насельніцтва, але якая ж гэта незалежнасьць?.. Была адноўленая БССР, якая была фікцыяй, а не дзяржавай у складзе савецкай імпэрыі”.
XS
SM
MD
LG