Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЕНГАРВЫКАНКАМ РАСПАЧАЎ ГАНДАЛЬ МЕСЦАМІ НА МОГІЛКАХ


Ігар Карней, Менск

Значная частка сталічных могілак альбо закрытая, альбо на мяжы гэтага. Аддаленыя ўчасткі не задавальняюць найперш сваякоў памерлых, і зьвязана гэта пераважна зь цяжкасьцямі транспартнага кшталту. За дадатковую плату кіраўнікі могілак браліся, так бы мовіць, уладкоўваць нябожчыкаў на закрытых тэрыторыях, што ўрэшце зрабілася для сталічнага камбінату камунальна-бытавога абслугоўваньня вялікай праблемай.

Пахаваньні, нягледзячы на забарону, працягваліся, а немалыя сумы ад удзячных сваякоў асядалі ў кішэнях кіраўнікоў ці супрацоўнікаў тых ці іншых могілак. Дарэчы, толькі за апошні год за кратамі апынуліся пяць адказных супрацоўнікаў сталічных могілак, якіх падазраюць у атрыманьні хабару. Некалькі гадоў не сьціхае скандал вакол Кальварыйскіх могілак, дзе, насуперак нормам, якія дазваляюць новыя пахаваньні на месцы старых праз 50 гадоў, гандаль надзеламі працягваўся практычна ўвесь час.

А як на пастанову Менгарвыканкаму рэагуюць непасрэдна на месцах? Вось меркаваньне аднаго з кіраўнікоў Паўночных могілак сталіцы:

(Супрацоўнік Паўночных могілак: ) “У нас ёсьць пэўныя нормы. Прыкладам, памер адзіночнага надзелу паводле заканадаўства ў даўжыню складае 2,30 мэтру, у шырыню — 1,40 мэтру. Двайны ўчастак — 2,30 на 2 мэтры. Трайны — 2,30 на 3 мэтры. Хаваем вельмі хуткімі тэмпамі, цяпер мусім асвоіць яшчэ дзьве вялікія плошчы. Так што попыт будзе. Напэўна, каб усё рабіць больш цывілізавана, патрэбна было б вывучыць заходнюю практыку вядзеньня гэтай гаспадаркі. Але ж вы ведаеце, што ў нас на практыцы ўсё інакш, у нас абсалютная іншая эканамічная сыстэма. Паглядзець было б цікава, бо ўсё ведаем выключна зь фільмаў”.

Магчымасьць рэзэрвацыі месца на могілках — практыка ў сьвеце даволі распаўсюджаная. Людзі сапраўды зазіраюць далёка наперад, усур’ёз клапоцячыся пра апошні прытулак.

Беларускія грамадзяне, якія вымушаныя ашчаджаць кожны рубель, наўрад ці кінуцца разьбіраць месцы на могілках, калі, прыкладам, квадратны мэтар зямлі за агароджай на Маскоўскіх, Чарнігаўскіх ці Козыраўскіх могілках азначаны сумай 350 тысяч рублёў — а гэта амаль 200 даляраў.

Паводле ж знаўцаў сваёй справы, каб не цясьніцца паміж надмагільнымі помнікамі, патрэбна набываць як мінімум 4–5 мэтраў. Да таго ж, загадам Менгарвыканкаму дадатковая плата будзе брацца і за рэзэрвацыю дадатковай плошчы дзеля кагосьці з родных пры ранейшым пахаваньні. Праўда, з даволі гуманным, паніжаным каэфіцыентам — 0,3.

Усе, з кім у кулюарных гутарках згадваў новыя захады Менгарвыканкаму, амаль аднагалосна выказалі меркаваньне: замест таго, каб прыкласьці пэўныя намаганьні дзеля паляпшэньня ўзроўню жыцьця, чыноўнікі заклапочаныя, якім чынам зарабіць на заўчаснай сьмерці не расьпешчаных жыцьцём суайчыньнікаў.
XS
SM
MD
LG