Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Вячаслаў Ракіцкі

Пакуль што Дзюма, паводле ягонага тэстамэнту, пахаваны ў роднай вёсцы Вілер-Катрэ. Аднак прэзыдэнт краіны Жак Шырак вырашыў аддаць даніну пашаны пісьменьніку, які застаецца самым вядомым францускім пісьменьнікам у сьвеце, перанесшы цела ў Пантэон. Мясцовыя чыноўнікі падалі апэляцыю ў Дзяржаўную раду, аднак у Парыжы іхны пазоў адхілілі. Урачыстая цырымонія адбудзецца 3 кастрычніка.

ЗША. Супэрзорка Галівуду Том Круз заявіў, што ён зробіць усё магчымае, каб ягоныя дзеці ніколі не жылі ў ЗША. У інтэрвію брытанскай газэце “Daily Express” актор патлумачыў, што “Злучаныя Штаты пужаюць і псуюць яму настрой”, бо там “людзі безадказныя, і каштоўнасьць чалавечага жыцьця надзвычай нізкая”. Круз заяўляе, што ён не можа надалей заплюшчваць вочы на рост злачыннасьці, квітнеючую карупцыю, сталую пагрозу тэрарызму і няўстойлівае фінансавае становішча краіны. Амэрыканскія мэдыі адзначаюць, што такі сумнеў адносна пэрспэктываў ЗША ўпершыню выказвае асоба такога ўзроўню і стану, як Том Круз. Актор не выключае, што ягоныя прыёмныя дзеці Ізабэла і Конар пераедуць у Аўстралію, дзе жыве сям’я ягонай былой жонкі Ніколь Кідман.

НЯМЕЧЧЫНА. Кампазытар Карл Орф застаецца адзіным стваральнікам араторыі “Карміна Бурана” – такі вырак у аўторак вынес суд у Мюнхэне, які разглядаў зыск дачкі знакамітага філёляга Міхаэля Гофмана пра прызнаньне ейнага бацькі суаўтрам выбітнага твору. Справа ў тым, што Орф кантактаваў з Гофманам і асабіста, і ліставаньнем – абменьваўся зь ім поглядамі на праект кампазыцыі і раіўся адносна выбару тэкстаў сярэднявечных песьняў вагантаў, якія пакладзеныя ў аснову араторыі. Суд не прыняў гэтага аргумэнту і канстатаваў, што хоць камэнтары Гофмана і мелі значэньне для рэалізацыі ідэі, але твор напісаны адным кампазытарам. “Карміна Бурана”, выкананая ўпершыню ў 1937 годзе ў Франкфурце-на-Майне, прынесла Карлу Орфу ўсясьветную славу.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Аўкцыйны дом “Sotheby’s” выставіў на продаж вельмі рэдкую калекцыю асабістых рэчаў, лістоў і зброі адмірала Нэльсана. Аўкцыён адбудзецца ў 195-ю гадавіну Трафальгарскай бітвы 21 кастрычніка. Арганізатары разьлічваюць, што сапраўдны ажыятаж выклічуць два лёты – шаўковы партаманэт са сьлядамі крыві адмірала, які знаходзіўся ў кішэні Нэльсана ў часе Трафальгарскай бітвы, і дыямэнтавая брошка ў выглядзе якару зь ініцыяламі НN (Ноratio Nelson). На думку экспэртаў аўкцыйнага дому, партаманэт прынясе ня меней за 80 тысячаў фунтаў, а брошка – прынамсі 150 тысячаў.

ЗША. Легендарны рок-гурт “Grateful Dead” вяртаецца на сцэну. Ад 1995 году, калі памер заснавальнік каманды Джэры Гарсія, музыкі не давалі канцэртаў, а толькі выпускалі ў сьвет альбомы з запісамі жывых канцэртаў шасьцідзесятых – дзевяностых гадоў. Улады штату Вісконсін нарэшце далі дазвол на два канцэрты 3 і 4 жніўня. Раней яны баяліся, што ў меркаваным для імпрэзаў месцы, разьлічаным на 35 тысячаў чалавек, зьбяруцца ня меней за 200 тысячаў прыхільнікаў гурту. А мясцовых паліцыянтаў для аховы парадку толькі 80 чалавек. Арганізатары канцэртаў паабяцалі зрабіць сур’ёзныя захады бясьпекі. Усе квіткі на абодвы канцэрты прададзеныя.
XS
SM
MD
LG