Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКІ КАНФЭРЭНЦЫІ “ЯНКА КУПАЛА Й НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ” ЗАКЛІКАЛІ БЕЛАРУСКУЮ ІНТЭЛІГЕНЦЫЮ ПРАВЕСЬЦІ ЗЬЕЗД


Галіна Абакунчык, Менск

Ініцыятарам канфэрэнцыі выступіў Грамадзкі камітэт у справе сьвяткаваньня юбілейных угодкаў Янкі Купалы. Старшыня ініцыятывы, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін ва ўступным слове падкрэсьліў, што Янка Купала — з тых прарокаў, якіх Бог пасылае народу ў найцяжэйшы пэрыяд яго разьвіцьця. Ягоная творчасьць актуальная і сёньня, таму цяперашнія ўлады спрабуюць яе замаўчаць.

Гаворыць Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Яшчэ раз прыцягнуць увагу грамадзкасьці да апостальскай постаці Янкі Купалы. Мы ведаем адносіны афіцыйных уладаў да Купалы. Купала муляў і камуністам, Купала муляе й нэакамуністам, і цяперашнім будаўнікам калгаснага сацыялізму. Дзе Купала — там Незалежнасьць. І хто з Купалам, той за Незалежнасьць”.

Удзел у працы канфэрэнцыі ўзялі такія вядомыя ў краіне прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі як Пётра Садоўскі, Мікола Купава, Вольга Іпатава, Алег Трусаў і многія ншыя. “Наш Янка Купала”, “Янка Купала, Незалежнасьць, Мова”, “Публіцыстыка Янкі Купалы” — назвы толькі некаторых дакладаў. Але найбольш вострай удзельнікі форуму прызналі працу Анатоля Сідарэвіча “Янка Купала і дыктатура”.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, навуковец Вячаслаў Рагойша падкрэсьліў, што грамадзкі Фонд Янкі Купалы й Дзяржаўны літаратурны музэй 4–5 ліпеня таксама праводзяць купалаўскія чытаньні. Гаворыць Вячаслаў Рагойша:

(Рагойша: ) “Мы рыхтуем такія купалаўскія чытаньні на тэму “Купала й Незалежнасьць”. Тыя ж самыя і на гэтай канфэрэнцыі даклады. Ну, але раз вырашылі, то сёньня я і прыйшоў на гэтую канфэрэнцыю з дакладам “Янка Купала й нацыятварэньне”.

Аднак удзельнікі сёньняшняй канфэрэнцыі адзначылі, што ўсё, што арганізоўвае Грамадзкі камітэт у рамках юбілейных сьвяткаваньняў, не супрацьпастаўляе, а дапаўняе ўсе ўрачыстасьці, прысьвечаныя Янку Купалу. Гавораць Аляксей Марачкін і Алег Трусаў:

(Марачкін: ) “Чым болей, тым лепей. Іншая справа, што мы абвастраем балючыя кропкі”.

(Трусаў: ) “Тое, што робіць музэй, таксама добра, але ў музэі цэнзура, некаторыя людзі там непажаданыя. Там сьпісы складзеныя — каго запрашаць, а каго не. А ў нас дзьверы адчыненыя для ўсіх”.

Удзельнікі канфэрэнцыі прынялі зварот, у якім заклікалі беларускую інтэлігенцыю правесьці зьезд, які “павінны стаць нагодай для кансалідацыі адукаваных і адказных людзей, каб зьдзейсьніўся Купалаў покліч “Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG