Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ВАЙСКОЎЦЫ КОРМЯЦЬ СЯБЕ САМІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Традыцыя разьвіваць падсобную гаспадарку ў вайсковых гарнізонах ідзе ад савецкага войска. Памятаю, у 1970-я гады ў танкавым палку ў гарнізоне Печы пад Барысавам, дзе мне давялося служыць, была цэлая сьвінафэрма. Пакуль мы, маладыя хлопцы, вучыліся на браняваных машынах перамагаць ваяроў NATO, наш палкавы сьвінар за невядома якія заслугі двойчы зьезьдзіў дахаты ў адпачынак.

У беларускім войску разьвіваць сьвінагадоўлю, мусіць, ня вельмі выгадна. Корму не хапае нават на сельскагаспадарчых сьвінакомплексах. Таму ў гомельскай вайсковай часьці ўнутраных войскаў, як сьцьвярджае ейны камандзір, палкоўнік Аляксандар Стэльмашок, гадуюцца толькі два парсюкі. Іншая справа — рачная рыба: не вішчыць, начальству вочы ня коле сваім выглядам.

З другога боку, як ні круці, а вайскоўцаў трэба чымсьці карміць, нават калі ў часьці бракуе грошай. Распавядае палкоўнік Стэльмашок:

(Стэльмашок: ) “Фінансаваньне ня зьменьшылася, але сродкі паступаюць нерытмічна. Вось у чым праблема! Грошы мы ўрэшце выбіраем. Але ўсё добра ў пару. Цяпер хаця б у забесьпячэньні рыбай мы незалежныя. Патэлефанаваў, накіраваў уначы рыбакоў на рыбалку — яны зловяць кіляграмаў сто рыбы, а грошы потым атрымаюць”.

Апроч рыбакоў, узятых на зьдзельную працу, у штаце часьці ўнутраных войскаў будуць, відаць, неўзабаве і даглядчыкі жывёлы. Прынамсі, пра гэта ўсур’ёз разважае палкоўнік Стэльмашок.

(Стэльмашок: ) “Мы думаем, што пазьней і бычкоў будзем там вырошчваць, летам пасьвіць. Каля рэчкі лугі пустуюць. Ды к чаму ў калгасе ня ўзяць 100 бычкоў, папасьвіць, а восеньню 10 забраць, як плату, а 90 — вярнуць у калгас? Можа быць і такі варыянт”.

Гаспадарчая кемлівасьць вайсковага камандзіра даспадобы шараговым салдатам унутраных войскаў. Яны ўжо пачаставаліся рачною рыбаю. Ці дойдзе справа да біфштэксаў зь ялавічыны, пакажа час. Ва ўсякім разе, накормлены вайсковец лепей ахоўвае парадак, чым напаўгалодны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG