Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТАНКАЎ І САМАЛЁТАЎ НА ЗАЎТРАШНІМ СЬВЯЦЕ НЯ БУДЗЕ


Ганна Соусь, Менск

Напярэдадні афіцыйнага сьвята Дня Незалежнасьці на Кастрычніцкай плошчы з дынамікаў гучаць песьні расейскіх поп-зорак. Насупраць Палацу Рэспублікі ля сквэру пабудаваныя адмысловыя трыбуны для кіраўніцтва. Ля ваеннага музэю ўсталяваная вялікая эстрада. Рабочыя прымацоўваюць да слупоў вялікія дынамікі. Падрыхтоўка да заўтрашніх ўрачыстасьцяў ня цешыць жахароў дамоў, што знаходзяцца побач з Кастрычніцкай плошчай, бо звычайна сьвяты прыносяць ім праблемы й нязручнасьці.

Гаворыць спадар Яўген:

(Яўген: ) “Перакрываюць вуліцы без папярэджаньня. І потым вечарам ты выходзіш, і калі ня маеш з сабой пашпарту, то ўзьнікаюць праблемы. Трэба даказваць, хто ты такі”.

Ягоны сусед Яўген Лысенка раней жыў у кватэры, вокны якой выходзілі на Кастрычніцкую плошчу:

(Лысенка: ) “Дык хадзілі ды папярэджвалі — зачыніце вокны, хлопцы. Нібыта праз шкло нельга стрэліць, як што захочацца. Я спачатку абураўся, а потым думаю — ды навошта. Хаця была сьпёка страшная”.

А вось меркаваньне спадарыні Натальлі, яна жыве ў доме па вуліцы Леніна, што насупраць ГУМу:

(Натальля: ) “Гэта гора, калі ў горадзе сьвята. Жыхарам жахліва. Ні машыны прыпаркаваць, нічога нельга. Сьмецце, копаць... І пэўны рэжым. У мэтро нельга праходзіць. Ня дзеля радасьці гэтыя сьвяты для жыхароў. Любога запытайце”.

Мае суразмоўцы згадвалі леташні інцыдэнт на Дзень Незалежнасьці, калі ў Аляксандра Лукашэнку, які ехаў па праспэкце на ролікавых лыжах, кінулі памідорам. Сёлета, напэўна, будзе яшчэ больш міліцыі, каб выключыць падобныя інцыдэнты, мяркуюць яны.

(Спадар: ) “Парадку ў нас шмат. Нават крыху больш, чым хацелася б. Таму што армія ў нас 100 тысяч, а міліцыя — 250 тысяч. А сьвяты... Дык будуць жа выпіваць. Адзінае што — паставілі б біятуалеты нам, як мага больш”.

З прычыны заўтрашніх урачыстасьцяў унівэрсам “Цэнтральны” распачне працаваць толькі з паловы першай гадзіны. Як мне паведамілі ў краме, ім забаранілі прадаваць да паловы шостай гадзіны сьпіртовыя напоі ў шкляным посудзе, толькі піва ў плястыкавых бутэльках. Адміністратар гандлёвай залі Ірына Царкевіч хвалюецца, як бы ў апошні момант ўвогуле не загадалі спыніць гандаль, як гэта было некалькі дзён таму ў часе выпускных вечароў, калі без папярэджаньня “Цэнтральны” быў зачынены. Тады сапсаваліся некаторыя харчы — малако ды хлеб, якія ўжо нельга было прадаць на наступны дзень.

Заўтра на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца вайсковы парад, гэтым разам без самалётаў і танкаў. На прэсавай канфэрэнцыі, якую даваў сёньня з нагоды Дня Незалежнасьці старшыня камісіі так званага Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец, я запыталася, колькі будзе каштаваць правядзеньне параду для беларускага бюджэту і чаму сёлета вырашылі не дэманстраваць вайсковую тэхніку.

(Чаргінец: ) “Каб не перашкаджаць працы Радыё Свабода, прынятае рашэньне — тэхніку не прымяняць. Будзе такі сухапутны парад, у ім возьмуць удзел вайскоўцы. Таму і перакрыцьцё вуліц будзе аптымальнае, ніякіх надзвычайных мераў, ніякіх перакрыцьцяў на дальніх подступах. Колькі будзе каштаваць — я не ведаю. У дзясяткі разоў менш, чым звычайна. Гэта зьвязана і з тым, што кожнае прымяненьне цяжкой тэхнікі ў летні час па асфальтавых дарогах цягне за сабой выдаткі ня толькі на эксплюатацыю тэхнікі, але і патрабуе рамонту дарог”.
XS
SM
MD
LG