Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯХОЎНЫ СУД БЕЛАРУСІ ЛІЧЫЦЬ, ШТО АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА ПРЫНІЗІЎ ГОДНАСЬЦЬ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У артыкуле, надрукаваным сёлета пры канцы красавіка, лідэр АГП Анатоль Лябедзька задаваў пытаньні спадару Лукашэнку на тэму ценявога прэзыдэнцкага бюджэту, гандлю зброяй з краінамі-ізгоямі і г.д. Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі палічылі, што аўтар артыкула закрануў гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі, і вынесла папярэджаньне АГП.

На думку чыноўнікаў Мінюсту, у публікацыі Лябедзька выказаў ня толькі свой погляд, але й погляд АГП. Нагадаю, што двух такіх папярэджаньняў дастаткова, каб распачаць працэс закрыцьця партыі.

Кіраўніцтва АГП вырашыла абскардзіць гэтае папярэджаньне ў судзе, бо лічыць, што Анатоль Лябедзька ў артыкуле выказваў свой, а не партыйны погляд. У судзе спадар Лябедзька й ягоныя прадстаўнікі казалі, што могуць падаць доказы таго, што Аляксандар Лукашэнка незаконна гандляваў зброяй, а грошы ад гэтых апэрацыяў у бюджэт не траплялі. Аднак судзьдзя Людміла Шаройка заявіла, што артыкул спадара Любедзькі ня ёсьць прадметам судовага разьбіральніцтва.

Пазыцыю Мінюсту падтрымаў пракурор, і ў выніку судзьдзя прыняла рашэньне адмовіць АГП у задавальненьні пазову. Прадстаўніца Міністэрства юстыцыі Алена Караткова была задаволеная судовым рашэньнем, але камэнтаваць яго для нашага радыё адмовілася.

А вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Судовая сыстэма Беларусі нас ужо даўно не зьдзіўляе. Яна — інструмэнт агульнай сыстэмы вэртыкалі. Фактычна судзьдзя — гэта чыноўнік, які выконвае загады. На вялікі жаль, ня могуць судзьдзі ў нас дзейнічаць незалежна й самастойна”.

Лідэр АГП лічыць, што ўлады баяцца іхнай партыі, таму выдаюць такія папярэджаньні, а таксама праводзяць цяпер юрыдычную праверку партыйных дакумэнтаў. Анатоль Лябедзька сказаў, што будзе зьвяртацца да кіраўнікоў і парлямэнтаў краінаў Эўропы й ЗША, каб тыя ўвялі забарону для наведваньня сваіх дзяржаваў беларускімі чыноўнікамі, у тым ліку й судзьдзямі, якія сыстэматычна парушаюць правы чалавека.

Кіраўніцтва АГП абскардзіць сёньняшняе судовае рашэньне ў калегіі Вярхоўнага суду.
XS
SM
MD
LG