Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЎПЛЫВАЕ “АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ” НА МІЖНАРОДНУЮ ФІНАНСАВУЮ ПАДТРЫМКУ КРАІНЫ?


Алесь Грыневіч, Менск

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі часта крытыкуюць Беларусь за жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне эканомікі й адсутнасьць умоваў для прадпрымальніцтва. Тым ня менш, некаторыя з гэтых арганізацыяў выдзяляюць фінансавую дапамогу Беларусі.

Да прыкладу, Усясьветны банк летась зацьвердзіў пазыку больш чым 22 мільёны даляраў на мадэрнізацыю асьвятленьня і ацяпленьня ў беларускіх школах і шпіталях. Яшчэ каля 14 мільёнаў Беларусь атрымала ад банку ў выглядзе грантаў — гэтыя грошы ня трэба вяртаць.

А сёлета была зацьверджаная новая стратэгія супрацоўніцтва зь Беларусьсю. За наступныя тры гады беларускі ўрад можа атрымаць ад 140 да 250 мільёнаў даляраў крэдыту. Ці пагражае гэтым плянам магчымае прыняцьце “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”? Гаворыць сталы прадстаўнік Усясьветнага банку ў Беларусі Ўладзімер Кулік:

(Кулік: ) “Злучаныя Штаты маюць у банку 16,5% галасоў. Натуральна, што голас Злучаных Штатаў вельмі важкі пры прыняцьці рашэньняў Усясьветным банкам. Але тым ня менш, аднаго голасу Злучаных Штатаў недастаткова, каб заблякаваць прыняцьце нейкага рашэньня Радай дырэктараў. Хаця адразу варта зазначыць, што Рада дырэктараў звычайна прымае рашэньні кансэнсусам, і галасаваньне дапускаецца ў вельмі рэдкіх выпадках, па нейкіх асабліва прынцыповых пытаньнях.

Калі ж казаць у агульным пляне, то, натуральна, такога кшталту законапраекты па Беларусі ў адной з эканамічна вядучых краінаў сьвету ня могуць не насьцярожваць міжнародную супольнасьць. І я ня думаю, што гэта будзе спрыяць разьвіцьцю інвэстыцыйных адносінаў, інвэстыцыяў, якія так патрэбныя на сёньняшні дзень гэтай краіне”.

Сяргей Кулік кажа, што праграмы крэдытаваньня Беларусі, якія ўжо зацьверджаныя Ўсясьветным банкам, будуць працягвацца. Ён лічыць, што Беларусь можа найбольш пацярпець, калі ёй будзе абмежаваны доступ да бязвыплатнай дапамогі. Сродкі на такую дапамогу міжнародныя фінансавыя арганізацыі звычайна атрымліваюць ад урадаў эканамічна разьвітых краінаў, у тым ліку ЗША.

Але некаторыя міжнародныя фінансавыя арганізацыі магчымае прыняцьце “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” практычна не закране. Да прыкладу, Міжнародны валютны фонд апошнюю пазыку Беларусі выдзяліў яшчэ ў 1995 годзе. З таго часу прадстаўнікі МВФ кажуць, што эканамічная палітыка беларускіх уладаў ня вартая крэдытаў.
XS
SM
MD
LG