Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСТАЦКІ КАПУСЬНІК ЛЯ ПЛЯЦА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Адкрыцьцё выставы-конкурсу “Голая студэнцкая праўда” рыхтавалася ў сапраўдным студэнцкім стылі: у апошні момант. Ужо калі сабралася публіка, за сымбалічнай заслонай яшчэ кіпела праца. Але нарэшце, пасьля кароткае прамовы куратаркі выставы Вольгі Кузьміч, заслона спала.

На адкрыцьці рэпрэзантаваліся творы графікі, жывапісу, інсталяцыі й фотамастацтва. Таксама заплянаваныя пэрформанс і боды-арт. На стэндах тэматычныя фотаздымкі, зробленыя аматарскім фотаапаратам, малюнкі, дакумэнты, якія дэманструюць абсурднасьць адносінаў студэнтаў і чыноўнікаў, інсталяцыі-карыкатуры ды іншае.

Тлумачыць адна з аўтарак ініцыятывы выставы Вольга Кузьміч:

(Кузьміч: ) “Мы хацелі даць магчымасьць кожнаму студэнту выразіць, як ён бачыць сваё студэнцкае жыцьцё. Гэтая карціна называецца “Абяцаная будучыня”. Я тут мела на ўвазе тое, што студэнтам абяцаюць файную будучыню пасьля таго, як яны скончаць унівэрсытэт, а насамрэч яны трапяць на разьмеркаваньне куды-небудзь у Чарнобыль, і ўся іхная будучыня будзе за шклом, куды яны будуць спрабаваць дабіцца й ня змогуць. Тут ёсьць некаторыя прыклады дакумэнтаў — студэнтаў з БДПА выключаюць, тут папросту папера, за што студэнтаў могуць выключыць. Каб кожны чалавек, які нават ня быў студэнтам, зразумеў, што такое студэнцтва”.

Студэнцкую будучыню Вольга Кузьміч бачыць змрачнавата. На ейнай карціне прыгожае аголенае жаночае цела заплямленае крывавымі адбіткамі рук. Насамрэч стваральнікі выставы “Голая студэнцкая праўда” выглядаюць вельмі вясёла й жвава. Ім дапамагае мастак Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Ініцыятыва гэтая распаўсюдзілася найперш сярод студэнтаў немастацкіх вузаў. І я, калі фармаваў экспазыцыю, аддаў перавагу вось гэтай вось аснове: вельмі цікава, што мы ўпершыню бачым капусьнік-выставу. І пасьля, я думаю, ініцыятыва гэтая, дзякуючы студэнцкаму дынамізму распаўсюдзіцца ў абласных гарадах”.

Алесь Пушкін паабяцаў, што з кожным днём працы выстава “Голая студэнцкая праўда” будзе ўсё цікавейшая. У гэта верыш, калі ведаеш, што на 3 ліпеня заплянаваны пэрформанс самаго Пушкіна, а на закрыцьцё 4 ліпеня — дэманстрацыя студэнцкага боды-арту. Зрэшты, па адкрыцьці наведнікі былі стрыманыя ў сваіх ацэнках:

(Наведнік: ) “Калі людзі падыходзяць да мяжы, калі яны становяцца студэнтамі, яны ня ведаюць, што такое студэнцкае жыцьцё. Так і тут цяжка было ўявіць, што тут чакае. Пераход зь дзіцячага ўзросту да дарослага — тое ж самае й тут”.

Да ўдзелу ў журы “Голае студэнцкае праўды” апрача Алеся Пушкіна запрошаныя Лявон Вольскі й Артур Клінаў. Адрозна ад Алеся Пушкіна, Артур Клінаў упершыню пабачыў творы па адкрыцьці. У ацэнках мастак быў стрыманы, але не шкадаваў, што ўзяўся за гэтую справу:

(Клінаў: ) “Выстава атрымалася вясёлай”.

Журы маюць вызначыць пераможцаў у трох намінацыях: “Самая голая”, “Самая студэнцкая” й “Самая праўда”.
XS
SM
MD
LG