Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ ЗМАГАЮЦЦА З РАСЕЙСКІМ ХЛЕБАМ


Казімер Яноўскі, Гомель

Новы парадак гандлю хлебам ёсьць ні што іншае, як контармера аблвыканкаму супраць хлебнай інтэрвэнцыі з Расеі. Праўда, у афіцыйным рашэньні суседняя дзяржава ня згадваецца, а ўжытая агульная фраза — “хлеб зь іншых рэгіёнаў”.

Начальніца аддзелу збыту “Гомельхлебпраму” Валянціна Кудзюкова ўдакладняе:

(Кудзюкова: ) “Прывозяць хлеб з Расеі, 26 тонаў. Усюды фігуруе гэта лічба, у тым ліку і ў друку — 26 тонаў штодзённа. А яшчэ вязуць хлеб у торбах прадаваць на рынках. Гэта ўжо падлічыць немагчыма”.

Расейскі хлеб гамельчукі ахвотней бяруць зь дзьвюх прычынаў. Ён таньнейшы і лепшай якасьці. Вось што, прынамсі, сказала пэнсіянэрка, што назвалася Валянцінай Афанасьеўнай:

(Валянціна Афанасьеўна: ) “Разумееце, расейскі хлеб даўжэй захоўваецца і не цьвіце, а гомельскі цьвіце, ён кіславаты і няпэўнай якасьці”.

Хлеб з Расеі, ня лічачы так званых мяшочнікаў, у абласным цэнтры прадаюць паводле ліцэнзіяў 10 прадпрымальнікаў. Яшчэ ў 30 індывідуальных шапіках раённыя адміністрацыі дазволілі мець хлебабулачныя вырабы ў якасьці асартымэнту. Напярэдадні ўвядзеньня новага парадку продажу хлебу прыватнікамі аблвыканкам абавязаў гарадзкую ўправу гандлю і “Гомельхлебпрам” праверыць усе пункты, дзе прадаецца расейскі хлеб.

Як сказаў намесьнік начальніка гандлёвай управы гарвыканкаму Васіль Ранько, выяўлена шмат парушэньняў, у тым ліку і санітарных правілаў гандлю хлебам. Таму санкцыі не за гарамі.

(Ранько: ) “На наступным выканкаме многім прадпрымальнікам будуць альбо вынесеныя папярэджаньні, альбо ануляваныя ліцэнзіі”, — паведаміў спадар Ранько.

Апроч таго, падаткоўцы і міліцыя абавязаныя выяўляць на рынках абласнога цэнтру й іншых гарадоў тых, хто гандлюе прывазным хлебам без спэцыяльнага дазволу.

Відавочна, што ўлады ўсур’ёз плянуюць абмежаваць паступленьне ў рэгіён расейскага хлебу, які склаў сур’ёзную канкурэнцыю мясцовым хлебапёкам і займае цяпер у абласным цэнтры каля 30% ад таго, што выпускае дзяржаўнае аб’яднаньне “Гомельхлебпрам”.
XS
SM
MD
LG