Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ АБМЕРКАВАЎ СЫТУАЦЫЮ ВАКОЛ КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ ЗЬ МІНІСТРАМ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ


Уладзімер Глод, Менск

Галоўнай тэмай размовы двух міністраў стала роля АБСЭ ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. Аднак кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў абмяркоўвалі і іншыя пытаньні. Сярод іх і сытуацыя вакол місіі АБСЭ ў Беларусі. Як паведамляецца ў прэсавым рэлізе, міністры вялі гаворку наконт “далейшых крокаў у справе пераадоленьня тупіка, які ўзьнік вакол Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі”. Пра тое, якія гэта крокі, у дакумэнтах прэсавай службы не паведамляецца.

Але галоўнае сёньня, мабыць, не ў дэталях перамоваў. Тое, што Ігар Іваноў палічыў магчымым разглядаць беларускае пытаньне на такім высокім узроўні без удзелу прадстаўнікоў Беларусі, для афіцыйнага Менску непрыемны сюрпрыз. Гэта ёсьць парушэньнем беларуска-расейскіх дамоўленасьцяў пра тое, што расейцы ня будуць абмяркоўваць беларускія справы без удзелу беларускага боку.

А пра тое, што такія дамоўленасьці існуюць, казаў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі 21 чэрвеня міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў. Тады журналісты спыталіся, ці абмярковаў зь ім міністр замежных справаў Расеі пытаньне вакол КНГ АБСЭ, якое падчас сустрэчы зь Ігарам Івановым у Канадзе, дзе зьбіраліся кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў краінаў “вялікай васьмёркі”, узьняў дзяржсакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Колін Паўэл.

Міністар Хвастоў адказаў так: “Не, расейскі бок пакуль не абмяркоўваў гэтае пытаньне ні са мной на ўзроўні Іванова, ні праз амбасаду… А што тычыцца агульных падыходаў, у нас ёсьць дамоўленасьці пра тое, каб расейскі бок не абмяркоўваў беларускае пытаньне ні са Злучанымі Штатамі, ні з Эўразьвязам бяз нашага ўдзелу. І Расея ня будзе гэтага рабіць”.

Вось як тлумачыць гэтую калізію прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Гэта не зьяўляецца парушэньнем нашых двухбаковых дамоўленасьцяў. Наш сталы прадстаўнік пры АБСЭ Віктар Гайсёнак, а таксама прадстаўнікі МЗС Беларусі праводзілі на мінулым тыдні ў МЗС Расеі адпаведныя кансультацыі. І пытаньні, якія былі акрэсьленыя ў прэсавым рэлізе АБСЭ, мелі адносіны да характару тых кансультацыяў, якія былі праведзеныя МЗС Беларусі й МЗС Расеі на мінулым тыдні”.

І ўсё ж, чым можна патлумачыць той факт, што міністар замежных справаў Расеі разглядаў беларускае пытаньне зь дзейным старшынём АБСЭ? Свае думкі на гэты конт выказвае былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Я хацеў бы нагадаць, што апошнія чатыры–пяць гадоў Расея заўсёды казала: ня цісьніце на Лукашэнку, на рэжым, мы тут самастойна ўрэгулюем гэтую справу, ня будзе ніякіх тут праблемаў, трэба час. І вось, я лічу, гэты час прыйшоў, калі Расеі нагадалі гэтыя абяцанкі. І зараз трэба нешта рабіць, каб тое, што яны абяцалі, зьдейсьнілася. А тое, што былі некія дамоўленасьці пра тое, каб Расея не кранала нейкія пытаньні пра місію АБСЭ ў Беларусі, я не лічу, што гэта магчыма. Не казаць і не абмяркоўваць сытуацыю, што склалася вакол місіі АБСЭ, уплывоваму і адказнаму сябру АБСЭ проста немагчыма. Таму, я лічу, што такая дамоўленасьць магла быць пра ўзаемную падтрымку, але не пра тое, каб не абмяркоўваць і ўвогуле не выказвацца наконт гэтай сытуацыі”.

А вось што думае з гэтай нагоды экспэрт Менскага міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) “Тут, у прынцыпе, магчымыя толькі два адказы: альбо Расея з самага пачатку не зьбіралася выконваць гэтую дамоўленасьць, альбо за час, які прайшоў з пачатку яе заключэньня, нефармальнага, здаецца, адбылося нешта, што прымусіла Расею адмовіцца ад яе. Я асабіста схіляюся да другога варыянту”.
XS
SM
MD
LG