Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ МОЛАДЗЬ СПАДЗЯЕЦЦА ПЕРАВАЖНА НА ПАДАРУНКІ ЛЁСУ


Ігар Карней, Менск

Цяперашняя беларуская моладзь насамрэч мае шэраг адрозьненьняў ад сваіх равесьнікаў нават за блізкімі межамі, — канстатуюць адмыслоўцы. Дастаткова ўзгадаць, што ўсе палітычныя акцыі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, краінах Балтыйскага рэгіёну, якія прывялі да радыкальных зьменаў палітычнага курсу, адбываліся пры непасрэдным удзеле маладых людзей ва ўзросьце да 30 гадоў. Беларускай моладзі, адрозна ад мільёнаў аднагодкаў, якія вымушаныя былі йсьці за незалежнасьць на барыкады, сувэрэнітэт быў проста падараваны, і змагацца за яго не прыйшлося.

На думку сацыёлягаў, адсутнасьць палітычнай загартоўкі ўрэшце і прывяла да пэўнай ступені інфантылізму, да спадзяваньняў на чарговы падарунак лёсу. Вось што гаворыць з гэтай нагоды кіраўнік Навуковага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў.

(Манаеў: ) “Многія маладыя людзі, нават тыя, якія ня хочуць Лукашэнкі, хто ня хоча інтэграцыі, хоча ў Эўропу, яны думаюць, што знаходзяцца ў абсалютнай меньшасьці, іх ніхто не падтрымлівае і нічога ня зьменіш. Выбары нічога не дадуць, бо фальсыфікуюцца... Гэта я не са столі бяру, ёсьць канкрэтныя лічбы.

Прыкладам, задавалася пытаньне: як рэальна галасавалі 9 верасьня? З тых, хто наагул не галасаваў, звыш 18% — людзі да 30 гадоў, якія галасавалі супраць усіх. Каму за 50 — такіх было толькі 7%. Зараз ідзе падрыхтоўка да мясцовых выбараў, і мы задалі тое ж пытаньне. Ізноў 35% моладзі ад 18 да 30 гадоў выказаліся, што дакладна ня будуць галасаваць.

І гэта вельмі вялікая праблема, што моладзь ня верыць у рэальныя формы праявы сваіх інтарэсаў сваёй палітычнай волі, якая сёньня маецца. Трэба мець на ўвазе і пэўныя памылкі апазыцыі ў часе папярэдніх мясцовых, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Усё гэта, натуральна, на моладзь узьдзейнічае, у яе апускаюцца рукі, яна адыходзіць на нейкі трэці шлях, у нейкія тусоўкі і г.д.”

Сапраўды, цяперашняя моладзь зьяўляецца адзінай вялікай групай насельніцтва, якая прынамсі маральна ў бальшыні сваёй супрацьстаіць цяперашняму беларускаму рэжыму. Усе апошнія апытаньні сьведчаць, што доля не задаволеных палітыкай Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня найбольшая менавіта ў асяродку маладых людзей і найперш студэнтаў, якія зьяўляюцца інтэлектуальным падмуркам любой нацыі і якім мала падабаюцца палітычныя гульні ўладаў.

Многія, хто ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня мінулага году ў чаканьні вынікаў галасаваньня сабраўся на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, памятаюць, якія балючым ударам сталася для падлеткаў навіна пра тое, што Лукашэнка застаецца на чарговы тэрмін. Бо гэтыя грамадзяне Беларусі папярэднія сем гадоў — практычна ўвесь тэрмін станаўленьня свайго дарослага жыцьця — жылі спадзяваньнямі на зусім іншыя пераўтварэньня. Але, як паказвае ўсясьветны досьвед, адных спадзяваньняў мала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG