Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЕЛЬЦЫН ЗАВЕРШЫЎ АДПАЧЫНАК У БЕЛАРУСІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Першапачаткова плянавалася, што першы прэзыдэнт Расеi Барыс Ельцын будзе адпачываць у Белавескай пушчы ўключна да 29 чэрвеня. Адной з прычынаў датэрмiновага ад’езду Ельцына лiчыцца неспрыяльнае надвор’е, якое ўсталявалася апошнiя днi на Берасьцейшчыне. Прычым на суботу прагназавалася, што ў гэтым рэгiёне Беларусi надвор’е яшчэ больш пагоршыцца — чакаўся шквальны вецер i моцныя дажджы.

Але iснуе i iншая вэрсiя. Як стала вядома, увесь тэрмiн знаходжаньня Барыса Ельцына ў Вiскулях рэанiмацыйнае адзяленьне Берасьцейскага абласнога шпiталю трымала напагатове дзьве брыгады сваiх мэдыкаў. Нягледзячы на шматлiкiя публiчныя заявы былога расейскага прэзыдэнта падчас наведваньня Беларусi пра добрую фiзычную форму i жаданьне не адыходзiць ад актыўнай палiтычнай дзейнасьцi, назiральнiкi мяркуюць, што насамрэч стан здароўя Барыса Ельцына выклiкае шмат пытаньняў.

Трэба прыгадаць, што 22 чэрвеня падчас наведваньня крэпасьцi ў Берасьцi Ельцын, таксама як i Лукашэнка, нечакана адмовiлiся ад выступу перад удзельнiкамi жалобнай цэрымонii з нагоды нападу фашыстаў на Савецкi Саюз. Акрамя таго, айцец Iгар, сьвятар Сьвята-Мiкалаеўскай гарнiзоннай царквы, якая таксама месьцiцца ў крэпасьцi, запрасiў Барыса i Наiну Ельцыных наведаць гэты праваслаўны храм. Экс-прэзыдэнт Расеi паабяцаў абавязкова гэта зрабiць i знайсьцi час, каб зноў прыехаць у Берасьце зь Белавескай пушчы. Але гэтыя спадзяваньнi ня спраўдзiлiся.

Зусiм няшмат зьвестак пра тое, чым займаўся Ельцын падчас амаль тыднёвага знаходжаньня ў Вiскулях. У адрозьненьнi ад iншых ганаровых гасьцей Аляксандра Лукашэнкi, былы расейскi прэзыдэнт не сустракаўся з жыхарамi навакольных вёсак. Паводле зьвестак супрацоўнiкаў Нацыянальнага парку “Белавеская пушча”, адмыслова да візыту Ельцына ў рэзыдэнцыi зрабiлi рамонт i паклалi новы асфальт на шашы. Былому расейскаму прэзыдэнту прапанавалi рыбалку i паляваньне: Барыс Ельцын аддаў перавагу адпачынку бяз стрэлаў на беразе вадасховiшча.

Напярэдаднi ад’езду Ельцына на радзiму Белавескую пушчу раптоўна наведаў Аляксандар Лукашэнка. Аб чым iшла размова падчас гэтай незаплянаванай сустрэчы, пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG