Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КРЫЧАЎСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ ДАЗВОЛІЛІ ЎСТАЛЯВАЦЬ ДОШКУ ПАМЯЦІ АХВЯРАМ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў

Дэмакратычныя актывісты Крычаўскага раёну Магілёўскай вобласьці вырашылі адзначыць 65-годзьдзе пачатку маштабных палітычных рэпрэсіяў супраць беларускага народу ўсталяваннем памятнай дошкі.

У мясцовым музэі кіраўнікі раённых арганізацыяў палітычных партыяў дэмакратычнага кірунку атрымалі сьпісы ахвяраў палітычных рэспрэсіяў. Прозьвішчы каля 750 чалавек былі на працягу двух месяцаў надрукаваныя ў мясцовай недзяржаўнай прэсе.

Зварот да людзей з просьбай сабраць грошы на ўсталяваньне дошкі памяці рэпрэсаваных жыхароў Крычаўскага раёну выклікаў вялікі грамадзкі рэзананс, і празь месяц неабходная сума была сабраная.

Гаворыць старшыня раённай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Лявон Сьвецік:

(Сьвецік: ) “Людзі прыносілі невялікія грошы — па 3–5 тысяч рублёў, казалі, што гэта добрая добрая справа і дзякуй, што вы ёй займаецеся”.

(Карэспандэнтка: ) “І бізнэсоўцы дапамаглі таксама?”

(Сьвецік: ) “Канечне, у гэтых людзей больш грошай, але нам казалі, каб іхныя прозьвішчы нідзе не гучалі, бо яны цяпер баяцца ўжо цяперашніх рэпрэсіяў з боку уладаў”.

Дом, які быў абраны для ўсталяваньня дошкі, знаходзіцца ў цэнтры Крычава на вуліцы Ленінскай. У 30-я гады, паводле расповедаў сьведкаў, там знаходзілася перасылачная турма. У гады акупацыі — паліцэйскі пастарунак. Менавіта апошні факт стаў прычынай адмовы Крычаўскага райвыканкаму даць згоду на ўсталяваньне дошкі памяці.

Лявон Сьвецік і ягоныя паплечнікі катэгарычна ня згодныя з гэтым.

(Сьвецік: ) “Мы не падзяляем палітычныя рэпрэсіі з боку камуністычнага рэжыму і фашысцкага рэжыму. Ахвярамі гэтых рэжымаў былі простыя людзі, нашыя землякі, крычаўцы”.

Разам з кіраўнікамі раённых арганізацыяў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і партыі БНФ “Адраджэньне” Сяргеем Няроўным і Ўладзімерам Кудраўцавым вырашана, што дошка памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Крычаве будзе ўсталяваная на прыватным доме, дзе цяпер месьціцца мясцовае грамадзкае аб’яднаньне “Кантакт-цэнтар”.

Акцыя ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных землякоў прымусіла яе арганізатарў зрабіць наступныя высновы, пра якія гаворыць Лявон Сьвецік:

(Сьвецік: ) “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мы спадзяваліся, што паміж грамадзкасьцю і ўладамі ўстанавіліся такія больш-менш нармалёвыя стасункі, дзе ёсьць нейкі розум, ёсьць добрыя дачыненьні паміж грамадзкасьцю і ўладамі. Але гэтая акцыя паказвае, што такога не адбылося, і спадзявацца блізкім часам, я думаю, нельга”.
XS
SM
MD
LG