Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ РАСПАЧАЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “БАЧАНЬНЕ ЭЎРАПЕЙСКАГА АДЗІНСТВА”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У канфэрэнцыі, ганаровым патронам якой ёсьць прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, сярод іншых бяруць удзел міністар замежных справаў гэтай краіны Ўладзімер Цімашэвіч, прадстаўнікі Эўрапейскага парлямэнту, вядомыя польскія і замежныя палітыкі.

Сёньня апоўдні з прамовай перад удзельнікамі канфэрэнцыі выступіў прадстаўнік Беларусі – лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч. Яшчэ перад выступам спадар Стакевіч распавёў Радыё Свабода пра мэты свайго ўдзелу ў гэтым міжнародным форуме:

(Статкевіч: ) “Гэтая канфэрэнцыя прысьвечаная будучыні агульнаэўрапейскага дому, да якога, на маю думку, некалі далучацца Беларусь, а таксама Ўкраіна і Расея. Але да гэтай мэты трэба пачынаць ісьці ўжо зараз, і таму досьвед Польшчы, якая знаходзіцца на шляху да Эўразьвязу, вельмі мяне цікавіць. Хачу таксама распавесьці прысутным пра праблемы Беларусі, якія пакуль што істотна перашкаджаюць нашай краіне далучыцца да агульнаэўрапейскай сям’і”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Статкевіч, супрацоўніцтва “Народнай грамады” з вашымі польскімі адзінадумцамі апошнім часам прыкметна ажывілася. Як вы ацэньваеце цяперашні стан гэтагага супрацоўніцтва?

(Статкевіч: ) “Адносіны ў нас вельмі добрыя, можна сказаць, сяброўскія і давяральныя. Яны ўжо даўно ў нас добрыя, але два з паловай гады я ня меў магчымасьці выяжджаць зь Беларусі, а першыя асобы польскай лявіцы зь вядомых прычынаў у Беларусь таксама не маглі прыехаць”.

У часе прамовы, Мікола Статкевіч, апроч іншага, азнаёміў прысутных з вынікамі судовага працэсу ў справе журналістаў гарадзенскай “Пагоні” ды заклікаў удзельнікаў форуму пры канцы працы канфэрэнцыі зрабіць адмысловую заяву ў гэтай справе.

Лідэр БСДП (НГ) разам з групай іншых удзельнікаў канфэрэнцыі меў сёньня сустрэчу з прэзыдэнтам Аляксандрам Квасьнеўскім, а таксама шэраг прыватных працоўных сустрэчаў зь сябрамі польскага ўраду ды адказнымі асобамі кіруючага цяпер Саюзу Левых Дэмакратаў.
XS
SM
MD
LG