Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКА ЗЬНІКЛАГА ЭКС-МІНІСТРА ЮРЫЯ ЗАХАРАНКІ ПАДАЛА Ў СУД ЗАЯВУ АБ ПРЫЗНАНЬНІ ЯГО ПАМЕРЛЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Патрэбу ў такім рашэньні Алег Воўчак, спасылаючыся на Вольгу Захаранку, тлумачыць неабходнасьцю вырашыць маёмасныя праблемы, якія паўсталі ў выніку зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

(Воўчак: ) “У Захаранкі кватэра засталася тут, іншая маёмасьць, а бяз гэтага рашэньня немагчыма гэтую маёмасьць атрымаць у спадчыну. Вольга Захаранка зыходзіць з таго, што ўжо тры гады ідзе сьледзтва, а вынікаў ніякіх няма, і пры гэтай уладзе яна на вынікі не разьлічвае. Зь Нямеччыны яны пакуль вяртацца не зьбіраюцца. Увогуле жадаюць прыехаць, але не пры цяперашнім палітычным стане”.

Закон дазваляе праз суд прызнаваць зьніклага чалавека памерлым, калі цягам трох гадоў пра месца ягонага знаходжаньня няма зьвестак. Працэдура пачынаецца з заявы ў суд і разьмяшчэньня ў рэспубліканскай газэце аб’явы з просьбай паведаміць у суд любыя зьвесткі пра лёс зьніклага чалавека. Такая аб’ява ад імя Вольгі Захаранкі днямі зьявілася ў “Народнай газете”. Яшчэ адна аб’ява павінна зьявіцца ў адным зь мясцовых выданьняў. Пасьля гэтага праз два месяцы суд мусіць разгледзець заяву і вынесьці сваё рашэньне.

Паводле Алега Воўчака, нават задавальненьне заявы не азначае, што справа аб пошуку зьніклага чалавека закрываецца.

Нагадаю, афіцыйнае расьсьледаваньне зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі вядзецца з траўня 1999 году. Яно рэгулярна падаўжаецца на паўгода. Два месяцы таму расьсьледаваньне было працягнутае чарговы раз — яшчэ да 7 ліпеня. Цяпер справу вядзе сьледчы гарадзкой пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка. Ён, дарэчы, расьсьледуе і справу аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Адносна ўсіх гэтых справаў сьледчы заяўляе, што ніякіх новых зьвестак, якія ён бы мог паведаміць мэдыям, няма.

Дасьледаваньнем таго, што здарылася з Захаранкам, займалася і камісія, створаная Вярхоўным Саветам 13 скліканьня. У яе склад уваходзіў і Алег Воўчак. Камісія нібыта знайшла сьведкаў, якія бачылі, як Захаранку схапілі нейкія асобы і павезьлі на аўтамабілі “Жыгулі” ў невядомым кірунку. Аднак больш пэўных зьвестак пра лёс былога міністра грамадзкая камісія не знайшла, кажа Алег Воўчак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG