Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ НАСТУПСТВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ МОЖА МЕЦЬ УВЯДЗЕНЬНЕ ЖОРСТКІХ САНКЦЫЯЎ СУПРАЦЬ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ?


Ул. інф.

Вось меркаваньне экс-сьпікера беларускага парлямэнту, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслава Шушкевіча:

(Шушкевіч: ) “Гэта вельмі цяжкое пытаньне. Рэжым наш – гэта рэжым, які спажывае грошы падаткаплатнікаў і фактычна не нясе ніякай адказнасьці перад імі. Калі будуць дадатковыя санкцыі, то гэтая людзі, якія згрупаваліся вакол гэтага нашага незаконнага кіраўніцтва, яны не дазволяць, каб іх жыцьцё пагоршылася. Урэшце гэта ўсё адаб’ецца на простых людзях. І ва ўмовах манапалізацыі СМІ тут можа быць розны эфэкт, бо ў нас, на жаль, вельмі шмат людзей не ўяўляе сабе, што адбываецца на самой справе, і праз гэтыя мас-мэдыі, якія распаўсюджваюць на ўсю Беларусь хлусьня нашага рэжыму, можа быць розны эфэкт. Я думаю, што ўзьдзейнічаць на Беларусь трэба неяк разумна і акуратна. Я ня ведаю пакуль зьместу прапановы сэнатара Гэлмса, Я толькі ведаю, што гэта чалавек, які адстойвае дэмакратыю, правы чалавека, і ён можа паводле заходніх мерак меркаваць, што сытуацыя ў нас палепшыцца. Я, на жаль, у гэтым ня ўпэўнены”.

Са Станіславам Шушкевічам ня згодны намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Міжнародная грамадзкасьць мусіць неяк рэагаваць на той рэжым, які склаўся ў Беларусі. Былі спробы пасьля выбараў неяк улагодзіць Лукашэнку, паспрабаваць яго неяк схіліць да супрацоўніцтва, да мінімальных саступак, да нейкіх інвэстыцыяў, але ён гэта адкідае. Мала таго, ён нават адкідае інвэстыцыі расейскія. У гэтым сэнсе я лічу, што любое дзеяньне лепшае за бязьдзейнасьць. І калі будзе прыняты гэты закон, будуць уведзеныя нейкія санкцыі, гэта лепш, чым заплюшчваць вочы на існаваньне прблемы. Лідэр краіны не выступаў як кіраўнік дзяржавы, ён выступаў як палітгулец на расейскім палітычным полі. Ён не адстойваў ніякіх інтарэсаў дзяржавы. Сьвядомая частка грамадзтва, якая ўсьведамляе каштоўнасьць беларускай дзяржавы, яна ў апазыцыі да Лукашэнкі, і любыя санкцыі супраць яго толькі падымуць апазыцыйныя настроі гэтай часткі. Ну а тыя калгасныя бабулі, якія сядзяць па вёсках, дык яны і не даведаюцца ні пра што”.

Сакратарка ЦК Партыі камуністаў Алена Скрыган мяркуе, што санкцыі будуць адмоўна ўспрынятыя беларускім народам:

(Скрыган: ) “Я лічу, што любыя санкцыі, якія ўжываюцца супраць дзяржавы ў цэлым, яны ня будуцьспрыяць паляпшэньню сытуацыі ў краіне. Таму што народ заўсёды будзе ўспрымаць гэта дрэнна. Санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў пагоршаць эканамічную сытуацыю ў краіне, а яна і так ня вельмі добрая. Можна сказаць нават, вельмі дрэнная. і я лічу, што гэта будзе вельмі моцна выкарыстанае СМІ ў Беларусі для нагнятаньня напружанасьці ўнутры краіны і для таго, каб яшчэ больш ізаляваць краіну ад міжнароднай супольнасьці. Я лічу, што калі і ўжываць санкцыі, то ўжываць іх да канкрэтных пэрсонаў, у першую чаргу да кіраўніцтва дзяржавы, якое сёньня паставіла сябе ў такую сытуацыю, што ўжо нават Расея ня хоча размаўляць зь імі на роўных. Я лічу, што такую думку падзяляе большасьць членаў нашай партыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG