Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font size=+0,5><b>ТЭКСТ ЗАКОНАПРАЕКТУ “АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ”</b></font>


Ул. інф.

ПРАЕКТ ЗАКОНУ

Аб спрыяньні дэмакратыі, правам чалавека, прынцыпам прававой дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь і кансалідацыі ды ўмацаваньню сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.

Гэтым самым Сэнат і Палата Прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амэрыкі, сабраўшыся ў Кангрэсе, пастанаўляюць

РАЗЬДЗЕЛ 1. КАРОТКІ НАЗОЎ.

Гэты Закон прапануецца назваць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2002”.

РАЗЬДЗЕЛ 2. ВЫЯЎЛЕНЫЯ ФАКТЫ.

Кангрэс выявіў, што —

(1) Злучаныя Штаты падтрымліваюць спрыяньне дэмакратыі, павазе да правоў чалавека і прынцыпам прававой дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці зь яе абавязаньнямі ў якасьці дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ);

(2) Злучаныя Штаты жыцьцёва зацікаўленыя ў незалежнасьці і сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь і ў яе інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў;

(3) апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і справядлівымі, адбыліся ў 1995 годзе, у выніку чаго быў абраны Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, чыю дэмакратычна і канстытуцыйна атрыманую ўладу і паўнамоцтвы ўзурпаваў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

(4) у лістападзе 1996 году беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка арганізаваў супярэчны закону і канстытуцыі рэфэрэндум, які дазволіў яму навязаць беларускаму народу новую канстытуцыю, распусьціць стары парлямэнт — Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, усталяваць у значнай ступені пазбаўлены ўлады Нацыянальны Сход і падоўжыць свае паўнамоцтвы да 2001 году;

(5) у траўні 1999 году беларускія дэмакратычныя сілы аспрэчылі незаконнае падаўжэньне Лукашэнкам свайго прэзыдэнцкага тэрміну, арганізаваўшы альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі;

(6) беларускія дэмакратычныя сілы арганізоўвалі мірныя дэманстрацыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў вялікіх і малых гарадах па ўсёй Беларусі, што прыводзіла да зьбіцьця, масавых арыштаў і працяглых затрыманьняў;

(7) Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Юры Захаранка, якія былі кіраўнікамі і прыхільнікамі дэмакратычных сілаў, а таксама Зьміцер Завадзкі, журналіст вядомы сваімі крытычнымі рэпартажамі, зьніклі і лічацца загіблымі;

(8) былыя беларускія дзяржаўныя службоўцы выступілі з вартымі даверу заявамі і сьведчаньнямі наконт таго, што высокапастаўленыя чыноўнікі рэжыму Лукашэнкі мелі дачыненьне да зьнікненьняў;

(9) рэжым Лукашэнкі ў Беларусі сыстэматычна цкуе і перасьледуе незалежныя сродкі масавай інфармацыі і актыўна душыць праявы свабоды слова і выказваньня;

(10) рэжым Лукашэнкі выступае з нападкамі на Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, Рыма-Каталіцкую Царкву, эвангельскія пратэстанцкія цэрквы ды іншыя рэлігійныя меншасьці;

(11) Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз, Парлямэнцкая Асамблея НАТО і Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ не прызнаюць Нацыянальны Сход;

(12) парлямэнцкія выбары 15 кастрычніка 2000 году, праведзеныя пры адсутнасьці дэмакратычнага выбарчага заканадаўства, супярэчылі закону і канстытуцыі, суправаджаліся грубымі парушэньнямі правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі і былі прызнаныя АБСЭ недэмакратычнымі;

(14) прэзыдэнцкія выбары 9 верасьня 2001 году былі прызнаныя АБСЭ ды іншымі назіральнікамі несправядлівымі ў самой сваёй аснове, не адпавядалі абавязаньням АБСЭ аб дэмакратычных выбарах, сфармуляваным у Капэнгагенскім Дакумэнце 1990 году, і адзначыліся істотнымі і злоснымі парушэньнямі з боку рэжыму Лукашэнкі, якія ўключалі ў сябе —

(А) цкаваньне, арышты і зьняволеньне дзеячоў апазыцыі;
(B) адмову апазыцыйным кандыдатам у роўным і справядлівым доступе да кантраляваных дзяржавай сродкаў інфармацыі;
(C) канфіскацыю абсталяваньня і маёмасьці незалежных няўрадавых арганізацыяў і друкарняў, цкаваньне іх супрацоўнікаў і кіраўнікоў;
(D) непразрыстасьць працэсу галасаваньня і падліку галасоў; і
(E) кампанію запалохваньня, скіраваную супраць актывістаў апазыцыі, мясцовых арганізацыяў назіраньня за выбарамі, апазыцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі; кампанію паклёпу ў сродках масавай інфармацыі, скіраваную супраць міжнародных назіральнікаў.

РАЗЬДЗЕЛ 3. ДАПАМОГА Ў СПРЫЯНЬНІ ДЭМАКРАТЫІ І ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ Ў БЕЛАРУСІ

(а) МЭТЫ ДАПАМОГІ. — Дапамога, пра якую будзе йсьці гаворка ў гэтым разьдзеле, будзе выдзяляцца на тое, каб:

(1) Дапамагчы народу Рэспублікі Беларусь адваяваць сваю свабоду і даць яму магчымасьць далучыцца да міжнароднай супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў.

(2) Заахвоціць правядзеньне ў Беларусі свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх і мясцовых выбараў у адпаведнасьці зь міжнародна прынятымі стандартамі і пад наглядам міжнародна прызнаных назіральнікаў.

(3) Дапамагчы ў аднаўленьні і ўмацаваньні ў Беларусі інстытутаў дэмакратычнага кіраваньня.

(b) УПАЎНАВАЖАНЬНЕ НА ВЫДЗЯЛЕНЬНЕ ДАПАМОГІ. — Для дасягненьня мэтаў, пералічаных у падразьдзеле (а), Прэзыдэнт упаўнаважваецца выдзяляць дапамогу ды іншыя формы падтрымкі на дзейнасьць, апісаную ў падразьдзеле (c) і перадусім для мясцовых беларускіх групаў, адданых справе падтрымкі дэмакратычных працэсаў.

(c) ДЗЕЙНАСЬЦЬ, НА ЯКУЮ ВЫДЗЯЛЯЕЦЦА ДАПАМОГА. — Дзейнасьць, на якую можа выдзяляцца згаданая ў падразьдзеле (b) дапамога, уключае ў сябе —
(1) назіраньне за выбарамі і спрыяньне свабодным і справядлівым выбарчым працэсам;
(2) разьвіцьцё дэмакратычных палітычных партыяў;
(3) радыё- і тэлевяшчаньне на Беларусь і ўнутры Беларусі;
(4) разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў як у Беларусі, гэтак і за яе межамі, якія спрыяюць дэмакратыі і бароняць правы чалавека;
(5) разьвіцьцё незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі і за яе межамі і абапіраюцца на недзяржаўныя друкарні;
(6) міжнародны абмен і праграмы прафэсійнай падрыхтоўкі для кіраўнікоў і актывістаў дэмакратычных сілаў з мэтай удасканаленьня навыкаў, неабходных для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці; і
(7) іншую дзейнасьць, якая адпавядае мэтам гэтага Акту.

(d) УПАЎНАВАЖАНЬНЕ НА АСЫГНАВАНЬНЕ. —
(1) АГУЛЬНАЕ ПАЛАЖЭНЬНЕ.— Даецца ўпаўнаважаньне на асыгнаваньне Прэзыдэнту для выкананьня гэтага разьдзелу 40 000 000 даляраў на 2003 і 2004 фінансавыя гады.
(2) НАЯЎНАСЬЦЬ СРОДКАЎ. — Сумы, асыгнаваныя ў адпаведнасьці з упаўнаважаньнем на асыгнаваньне паводле параграфу (1), будуць наяўныя для ўжытку да поўнай іх затраты.

РАЗЬДЗЕЛ 4. РАДЫЁВЯШЧАНЬНЕ НА БЕЛАРУСЬ

(а) МЭТА. — Мэта гэтага разьдзелу — упаўнаважыць павелічэньне падтрымкі Ураду Злучаных Штатаў на альтэрнатыўнае радыёвяшчаньне на Рэспубліку Беларусь, якое мае забясьпечыць бесьперашкоднае пашырэньне інфармацыі.
(b) УПАЎНАВАЖАНЬНЕ НА АСЫГНАВАНЬНЕ. — У дадатак да сумаў, на асыгнаваньне якіх атрыманае ўпаўнаважаньне звычайным парадкам, гэтым упаўнаважваецца асыгнаваньне 5 000 000 даляраў на кожны фінансавы год Голасу Амэрыкі і Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода на радыёвяшчаньне для народу Беларусі на ўжываных у Беларусі мовах.

(c) СПРАВАЗДАЧНАСЬЦЬ У ПЫТАНЬНІ РАДЫЁВЯШЧАНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ І НА БЕЛАРУСЬ. — Не пазьней, чым праз 120 дзён пасьля ўступленьня ў дзеяньне гэтага Акту, дзяржаўны сакратар падасьць адпаведным камітэтам Кангрэсу справаздачу аб тым, як сродкі, асыгнаваныя і выдзеленыя ў адпаведнасьці з упаўнаважаньнем на асыгнаваньне паводле падразьдзелу (b) і разьдзелу 3(d), будуць ужытыя для пашырэньня радыёвяшчаньня ў дыяпазонах AM і FM, якое б ахапляла тэрыторыю Беларусі і несла незалежную і свабодную ад цэнзуры інфармацыю.

РАЗЬДЗЕЛ 5. САНКЦЫІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ

(а) УЖЫВАНЬНЕ САНКЦЫЯЎ. — Санкцыі, апісаныя ў падразьдзелах (c)—(f), будуць ужывацца ў дачыненьні да Беларусі, пакуль Прэзыдэнт ня вырашыць і не засьведчыць перад адпаведнымі камітэтамі Кангрэсу, што ўлады Беларусі зрабілі значны прагрэс ў выкананьні ўмоваў, апісаных у падразьдзеле (b).
(b) УМОВЫ. — Згаданыя ў падразьдзеле (а) умовы гэткія:
(1) Вызваленьне ў Беларусі асобаў, якія былі зьняволеныя на падставе іх палітычных перакананьняў.
(2) Адкліканьне палітычна матываваных судовых абвінавачаньняў супраць усіх дзеячоў апазыцыі ў Беларусі.
(3) Прадстаўленьне поўнай справаздачы аб зьнікненьнях лідэраў апазыцыі і журналістаў, улучна зь Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім, Юрыем Захаранкам і Зьмітром Завадзкім, і пакараньне ўсіх адказных за гэтыя зьнікненьні.
(4) Спыненьне ўсіх формаў перасьледу і рэпрэсіяў супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, няўрадавых арганізацыяў і палітычнай апазыцыі ў Беларусі.
(5) Правядзеньне свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці з стандартамі АБСЭ у справе дэмакратычных выбараў і ў супрацоўніцтве з адпаведнымі ўстановамі АБСЭ.

(c) ЗАБАРОНА ЎЕЗДУ Ў ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ БЕЛАРУСКІМ АФІЦЫЙНЫМ АСОБАМ. — Кангрэс лічыць, што Прэзыдэнту належыць ужыць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з разьдзелам 212(f) Акту аб іміграцыі і грамадзянстве (Зб. Зак. ЗША, 8, 1182(f)) і адмовіць у праве на ўезд у Злучаныя Штаты любому замежнаму грамадзяніну, які —
(1) займае пасаду ў найвышэйшым кіраўніцтве Беларусі; або
(2) зьяўляецца сужэнцам, непаўнагадовым дзіцём або прадстаўніком асобы, якой забаронены ўезд на падставе параграфу (1).

(d) ЗАБАРОНА СТРАТЭГІЧНАГА ЭКСПАРТУ Ў БЕЛАРУСЬ. —
(1) ЗАБАРОНА. — Кампутары, праграмнае забесьпячэньне, тавары або тэхналёгіі, прызначаныя для вытворчасьці або абслугоўваньня кампутараў, або любыя іншыя зьвязаныя з гэтым тавары ці тэхналёгіі ня могуць быць экспартаваныя ў Беларусь для ўжытку Ўраду Беларусі або яе войска, міліцыі, сыстэмы турмаў або службаў нацыянальнай бясьпекі. Згаданая вышэй забарона ня будзе датычыць экспарту тавараў або тэхналёгіяў, разьлічаных на падтрымку пабудовы дэмакратыі і на гуманітарныя мэты.
(2) РАСТЛУМАЧАЛЬНАЕ ПРАДПІСАНЬНЕ. — Нічога са згаданага ў гэтым падразьдзеле не перашкодзіць выдачы ліцэнзіяў для забесьпячэньня бясьпекі грамадзянскай авіяцыі і бясьпечнай працы камэрцыйнай пасажырскай авіяцыі Злучаных Штатаў і для забесьпячэньня бясьпекі акіянскага воднага транспарту ў міжнародных водах.

(e) ЗАБАРОНА НА ПАЗЫКІ І ІНВЭСТЫЦЫІ
(1) ФІНАНСАВАНЬНЕ ЎРАДАМ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ. — Ніякія пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхоўкі, фінансаваньне або іншыя віды фінансавай дапамогі ня могуць быць выдзеленыя Ўраду Беларусі ніякім урадавым агенцтвам Злучаных Штатаў (у тым ліку Экспартна-Імпартным Банкам і Карпарацыяй Замежнага Прыватнага Інвэставаньня), за выключэньнем выпадкаў, зьвязаных з дастаўкай гуманітарных тавараў і сельскагаспадарчых або мэдычных прадуктаў.
(2) ГАНДАЛЬ І РАЗЬВІЦЬЦЁ. — Ніякія сродкі, якія мае ў наяўнасьці Агенцтва Гандлю і Разьвіцьця, ня могуць быць прызначаныя на дзейнасьць Агенцтва ў Беларусі або для Беларусі.

(f) АДМОВА Ў СТАСАВАНЬНІ АБАГУЛЬНЕНАЙ СЫСТЭМЫ СПРЫЯНЬНЯ (АСП). —

(1) ВЫЯЎЛЕНЫ ФАКТ І ДЭКЛЯРАЦЫЯ ПАЗЫЦЫІ. — Кангрэс—
(А) выявіў, што Ўрад Беларусі не жадае паважаць міжнародна прызнаныя правы працоўных; і
(B) ухваляе пастанову Прэзыдэнта адмовіць у падаткавых льготах на падставе часткі V Закону аб гандлі 1974 году ў частцы артыкулаў, што маюць дачыненьне да Беларусі.
(2) АДМОВА Ў ЛЬГОТАХ ПАВОДЛЕ АСП. — Прэзыдэнт будзе надалей адмаўляць у падаткавых льготах у частцы артыкулаў, што маюць дачыненьне да Беларусі, на падставе часткі V Закону аб гандлі 1974 году і гэтага разьдзелу.

(g) ШМАТБАКОВАЯ ФІНАНСАВАЯ ДАПАМОГА. —Кангрэс лічыць, што ў дадатак да ўжыцьця да Рэспублікі Беларусь санкцыяў, апісаных у падразьдзелах (c)—(f) (пакуль Прэзыдэнт ня вырашыць і не засьведчыць перад адпаведнымі камітэтамі Кангрэсу, што Ўрад Беларусі дасягнуў значнага прагрэсу ў выкананьні ўмоваў, апісаных у падразьдзеле (b)), Міністэрства Фінансаў Злучаных Штатаў дасьць рэкамэндацыі выканаўчым дырэктарам Злучаных Штатаў у кожнай міжнароднай фінансавай установе, у якой удзельнічаюць Злучаныя Штаты, выступаць і ўжываць голас Злучаных Штатаў супраць любога выдзяленьня гэтымі ўстановамі любой фінансавай дапамогі любога віду (улучна з тэхнічнай дапамогай і грантамі) Ураду Беларусі, за выключэньнем пазыкаў і дапамогі, неабходных для забесьпячэньня гуманітарных патрэбаў.
(h) ВЫКЛЮЧЭНЬНЕ. —Прэзыдэнт можа адступіць ад выкананьня любых санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, апісаных у гэтым разьдзеле, калі Прэзыдэнт вырашыць і засьведчыць перад адпаведнымі камітэтамі Кангрэсу, што гэтага патрабуюць нацыянальныя інтарэсы Злучаных Штатаў.

РАЗЬДЗЕЛ 6. ШМАТБАКОВАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

Кангрэс лічыць, што Прэзыдэнту належыць працягваць спробы каардынацыі зь іншымі краінамі, асабліва краінамі Эўропы, шырокамаштабнай шматбаковай стратэгіі, скіраванай на дасягненьне мэтаў гэтага Акту, у тым ліку пры неабходнасьці заахвочваць іншыя краіны прымаць захады ў дачыненьні да Беларусі, падобныя да захадаў, апісаных у гэтым Акце.

РАЗЬДЗЕЛ 7. СПРАВАЗДАЧНАСЬЦЬ

(а) СПРАВАЗДАЧА. — Не пазьней, чым праз 90 дзён пасьля ўступленьня ў дзеяньне гэтага Акту, і кожны год пасьля гэтага Прэзыдэнт будзе перадаваць адпаведным камітэтам Кангрэсу справаздачу, у якой будзе пададзеная наступная інфармацыя, датычная папярэдняга 12-месячнага пэрыяду:
(1)(A) Продаж або дастаўка зброі або зьвязаных з узбраеньнем тэхналёгіяў з Рэспублікі Беларусь у любую краіну, урад якой, паводле вызначэньня Дзяржаўнага Сакратара на падставе разьдзелу 6(j)(1) Акту аб Кантролі над Экспартам 1979 году (Зб. Законаў ЗША, 50, 2405(j)(1)), неаднаразова аказваў падтрымку актам міжнароднага тэрарызму.
(B) Пералічэньне кожнай краіны, апісанай у падпараграфе (A), і дэтальнае апісаньне зброі або зьвязаных з узбраеньнем тэхналёгіяў, што былі аб’ектам продажу.
(C) Пералічэньне тавараў, паслугаў, крэдытаў або іншых відаў кампэнсацыі, атрыманых Беларусьсю ўзамен за зброю або зьвязаныя з узбраеньнем тэхналёгіі.
(2) Асабістыя актывы і маёмасьць Аляксандра Лукашэнкі ды іншых высокапастаўленых кіраўнікоў Ураду Беларусі.
(b) ФОРМА. —Справаздача, складзеная ў адпаведнасьці з падразьдзелам (a), перадаецца ў адкрытай форме, аднак можа мець сакрэтны дадатак.

РАЗЬДЗЕЛ 8. ДЭКЛЯРАЦЫЯ ПАЗЫЦЫІ

Гэтым самым Кангрэс—
(1) выказвае сваю падтрымку тым людзям у Рэспубліцы Беларусь, хто імкнецца —
(А) спрыяць пашырэньню дэмакратыі і прынцыпаў прававой дзяржавы і ўмацоўваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі; і
(B) спрыяць яе інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў;
(2) выказвае сур’ёзную занепакоенасьць зьнікненьнем Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага;
(3) заклікае рэжым Лукашэнкі спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў і вызваліць тых, хто быў зьняволены за супраціў рэжыму;
(4) заклікае рэжым Лукашэнкі спыніць выразныя, грубыя і беспакараныя парушэньні гуманітарных абавязаньняў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) і паважаць фундамэнтальныя свабоды слова, выказваньня, сходаў, асацыяцыяў, мовы і рэлігіі;
(5) заклікае Урад Расейскай Фэдэрацыі ўжыць свае ўплывы для заахвочаньня разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі, каб Беларусь магла стаць дэмакратычнай, заможнай, сувэрэннай і незалежнай дзяржавай, інтэграванай у Эўропу;
(6) заклікае Ўрад Беларусі вырашыць працяглы канстытуцыйны і палітычны крызыс шляхам правядзеньня свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў, у тым ліку, як да таго заклікае АБСЭ, праз захаваньне правоў чалавека, спыненьне цяперашняй атмасфэры страху, забесьпячэньне апазыцыі неабходнага доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, зьмену выбарчага заканадаўства ў адпаведнасьці з абавязаньнямі АБСЭ, пачатак сапраўдных перамоваў з апазыцыяй і надзяленьне парлямэнту рэальнай уладай; і
(7) высока ацэньвае дэмакратычную апазыцыю Беларусі за яе адданасьць свабодзе, за адвагу перад рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі і за ўзьнікненьне ў Беларусі плюралістычнай грамадзянскай супольнасьці — асновы для разьвіцьця дэмакратычных палітычных структураў.

РАЗЬДЗЕЛ 9. ВЫЗНАЧЭНЬНІ

У гэтым Акце:
(1) АДПАВЕДНЫЯ КАМІТЭТЫ КАНГРЭСУ. — Тэрмін “адпаведныя камітэты Кангрэсу” азначае Камітэт Міжнародных Дачыненьняў Палаты Прадстаўнікоў і Камітэт Замежных Дачыненьняў Сэнату.
(2) АБСЭ. —Тэрмін АБСЭ азначае Арганізацыю Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе.
(3) НАЙВЫШЭЙШАЕ КІРАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ. — У тэрмін “найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі” уключаюцца—
(А) прэзыдэнт Беларусі, прэм’ер-міністар, віцэ-прэм’еры, міністры ўраду, старшыні дзяржаўных камітэтаў і службоўцы прэзыдэнцкай адміністрацыі;
(B) любыя службоўцы Ўраду Беларусі, якія асабіста маюць істотнае дачыненьне да здушэньня свабоды ў Беларусі, у тым ліку судзьдзі і пракуроры; і
(C) любыя іншыя асобы, якія, паводле вызначэньня Дзяржаўнага Сакратара (або прызначанай Дзяржаўным Сакратаром асобы) асабіста маюць істотнае дачыненьне да фармуляваньня або выкананьня палітыкі рэжыму Лукашэнкі, якая супярэчыць міжнародна прызнаным стандартам правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG