Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ СТРАЙКУЮЦЬ БОЛЬШ ЯК 70 БУДАЎНІКОЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Паводле іхных словаў, адміністрацыі магілёўскага трэсту №12 выдзелілі грошы на выплату заробкаў, але яна несправядліва разьмеркавала іх сярод упраўленьняў. Адным выдзеліла, а іншым не. Яны ўжо ня вераць абяцаньням кіраўніка ўпраўленьня і лічаць, што толькі пры дапамозе страйку змогуць атрымаць свае заробкі. Вось што заявіў будаўнік Сяргей Цюкаў:

(Цюкаў: ) “Гэта ня раз было ў нас. Так было і ў тым месяцы. Там таксама затрымлівалі заробак. І да начальніка мы хадзілі, а ён стаў нам казаць па-іншаму. Маўляў, да 18 чэрвеня мы атрымаем заробак. Але 18-е прайшло. Зараз прыходзіць і кажа, што грошай няма. А куда яны пайшлі, ніхто ня ведае”.

Як сьцьвярджаюць будаўнікі, кіраўнік 57-га ўпраўленьня Барыс Карпаў даволі спакойна паставіўся да страйку. Ён выйшау да ўдзельнікаў страйку і сказаў ім, што яны могуць сядзець колькі заўгодна, бо грошай усё роўна няма. У адказ удзельнікі акцыі пратэсту заявілі пра намер выказаць недавер свайму кіраўніку.

(Будаўнік: ) “Недавер нашаму кіраўніку — і усё”.

(Карэспандэнт: ) “Вы думаеце дабіцца ягонай адстаўкі?”

(Будаўнік: ) “Абавязкова, інакш нічога ня будзе”.

У тым выпадку, калі патрабаваньні рабочых ня будуць выкананыя, яны маюць намер працягваць страйк у панядзелак 1 ліпеня.
XS
SM
MD
LG