Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА КІПУЧАЙ ПРАКУРОРСКАЙ РАБОТАЙ


Аляксандар Лукашук, Прага

Дакладная колькасьць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі невядомая. Паводле ацэначных зьвестак, у 1920-40 я гады ў Беларусі было раскулачана ня менш за 350 тысячаў чалавек, а за контррэвалюцыйныя злачынствы ў 1930-40-х гадах пакарана больш за 300 тысячаў чалавек. Гэтыя лічбы прыводзіліся на міжнароднай навуковай канфэрэнцыі “палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў 20-м стагодзьдзі”, якая адбылася ў Менску ў 1998 годзе. Яны ёсьць у кнігах гісторыкаў Ігара Кузьняцова, Уладзімера Адамушкі, шматлікіх публікацыях пэрыядычнага друку.

Гаварыць пра заканчэньне рэабілітацыі – уводзіць у зман. І ня толькі нябожчыкаў і іх сваякоў. Напрыклад, дагэтуль не рэабілітаваныя жывыя сябры Саюзу беларускіх патрыётаў – героі кнігі “Гарт”. Не падлягаюць рэабілітацыі гвалтоўна выселеныя з памежных раёнаў сяляне, бо іхныя дакумэнты афармлялі органы мясцовай улады, а не НКВД. Дагэтуль для грамадзкасьці закрытыя архівы НКВД-КГБ.

Адзначэньне 80-годзьдзя пракуратуры – палітычная заява пра пераемнасьць ленінска-сталінскага правасудзьдзя ў сучаснай Беларусі. Гэта як бы ў сучаснай Нямеччыне спэцслужбы ўключалі у сваю спадчыну гестапа і СД.

Рэабілітацыя – працэс ня толькі юрыдычны, але і маральны. Калі ў краіне ёсьць палітычныя ўцекачы, вядуцца палітычныя працэсы, зьнікаюць людзі, ня дзейнічае канстытуцыя, калі будуецца дарога праз самае масавае месца расстрэлаў і ўлада дагэтуль не паставіла там помніка – у такой краіне афіцыйнай рэабілітацыі і яе лічбам ня можа быць веры.


(Аляксандар Лукашук – былы сябра камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі ў справах палітычных рэпрэсіяў, аўтар сцэнару дакумэнтальнага фільму “Дарога на Курапаты”, кніг "Зьдзек" і "За кіпучай чэкісцкай работай", прысьвечаных палітычным рэпрэсіям у Беларусі)
XS
SM
MD
LG