Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ РАЗГЛЯДАЕЦЦА НА СЭСІІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Ірына Халіп, Страсбур

Такім чынам, хутчэй за ўсё заўтра будзе створаны адмысловы камітэт па Беларусі з больш шырокімі функцыямі, чым незалежнае расьследаваньне зьнікненьняў людзей. Дарэчы, па гэтай тэме на паседжаньні юрыдычнага камітэту сёньня выступілі два дэпутаты, абодва з Расейскай Фэдэрацыі: праваабаронца Сяргей Кавалёў і міліцэйскі генэрал Валеры Фёдараў, у чыёй турме ў Пермскай вобласьці некалі сядзеў Сяргей Кавалёў.

Фёдараў сказаў, што мае маральныя абавязкі перад маці і жонкамі зьніклых людзей і таму просіць уключыць яго ў гэты камітэт. Сяргей Кавалёў распавёў парлямэнтарам аб прысудзе Мікалаю Маркевічу і Паўлу Мажэйку і папрасіў таксама ўлучыць яго ў гэты камітэт.

Дэпутат зь Ліхтэнштэйну Рэната Вольвэнд, якая была ў Беларусі ў чэрвені, сказала, што, вядома ж, расейцы разумеюць беларусаў лепш за заходнеэўрапейцаў. Напэўна, абодва – і Фёдараў, і Кавалёў – будуць улучаныя ў гэты камітэт. Сёньня ж старшыня палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Роман Якіч агучыў сваю пазыцыю па беларускім пытаньні:

(Якіч: ) “Бэрэндт падрыхтуе справаздачу, і мы абмяркуем яе на верасьнёўскай сэсіі. Пакуль мы ня маем яе зьместу. Але інфармацыя, якая дагэтуль паступіла зь візыту працоўнага камітэту ў Беларусь, пацьвярджае тое, што вялікіх зрухаў у Беларусі няма, і што калі Беларусь па-ранейшаму хоча аднавіць статус запрошанага, ад яе чакаюцца далейшыя крокі: закон аб СМІ, мараторый на сьмяротнае пакараньне і гэтак далей – усе ўмовы, якія ўжо былі вылучаныя Радай Эўропы да беларускіх уладаў. Такім чынам, у верасьні мы атрымаем справаздачу, якая адлюструе цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі і акрэсьліць магчымыя далейшыя крокі Рады Эўропы”.

Валянціна Палевікова і Яраслаў Раманчук сёньня пакінулі Страсбур. Яны засталіся вельмі задаволеныя вынікамі гэтай паездкі, асабліва сустрэчамі з Вальтэрам Швімэрам і Тэры Дэвісам. Але беларускае пытаньне на сэсіі застаецца. Заўтра на апошнім паседжаньні Бюро Асамблеі з прапановай аб стварэньні адмысловага камітэту выступіць Рэната Вольвэнд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG