Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАШЫ САЛДАТЫ ЦЯПЕР БУДУЦЬ СЛУЖЫЦЬ І Ў ЧАЧЭНІІ


Любоў Лунёва, Менск

Генэрал Павал Казлоўскі лічыць прыняты закон “Аб абароне” грубым парушэньнем Канстытуцыі.

(Казлоўскі: ) “Я лічу, што наша Канстытуцыя забараняе нашым вайскоўцам ужываць свае сілы за межамі Рэспублікі Беларусь. Гэта ж напісана ў Канстытуцыі. Я так разумею, што палатачнікі ўчора ўнесьлі зьмены ў закон “Аб абароне”. Гэта вельмі небясьпечна, таму што нашы хлопцы могуць пайсьці ваяваць у гарачыя кропкі суседняй дзяржавы. Гэта парушэньне нашых галоўных здабыткаў — таго, што мы здабылі сувэрэнітэт і маці нашыя мелі спакой, што іх сыноў не пашлюць удзельнічаць у канфліктах за межамі Беларусі”.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да краўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” генэрала Валерыя Фралова.

(Фралоў: ) “Калі салдат параіўся з бацькамі й вырашыў ехаць у якую-небудзь краіну, каб там удзельнічаць у нейкіх вайсковых апэрацыях, то дастаткова яму напісаць пісьмовую заяву. Чалавек можа трапіць у Чачэнію толькі з асабістага жаданьня. Можа, ён фільмаў нагледзеўся, можа ён хоча грошай зарабіць? Дык няхай. Проста я ня думаю, што, напрыклад, Расея будзе прасіць у нас дапамогі. Гэта ж сьмешна. А так, калі мы нікога ня можам нікуды паслаць, дык тады ж у прэзыдэнта таксама рукі зьвязаныя. Ён ня зможа падпісваць ні з кім мірных дамоваў”.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч лічыць, што скончыўся той 9-гадовы пэрыяд, калі беларусы не пралівалі сваю кроў на чужыне.

(Статкевіч: ) “Для мяне гэтая навіна непрыемная яшчэ й з асабістых прычынаў. Дзевяць гадоў таму я быў звольнены з войска за месяц да абароны доктарскай дысэртацыі менавіта з тае прычыны, што я публічна выказаўся супраць дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Маё звальненьне і скандал вакол яго паспрыялі таму, што беларускі парлямэнт падпісаў гэтую дамову з умовай, што нашыя вайскоўцы ніколі ня будуць служыць за межамі краіны. Усе гэтыя дзевяць гадоў я думаў, што мая ахвяра была ўсё ж не дарэмная. Безумоўна, гэта вельмі прыкра. З другога боку, дзевяць гадоў ніхто нікуды ня езьдзіў. Што тычыцца добраахвотнасьці, то я ня думаю, што гэты прынцып доўга ацалее, бо ёсьць шмат рычагоў, каб прымусіць да “добраахвотнасьці”. Я нагадаю, што ў Гішпаніі ў 1936–37 г. былі толькі савецкія добраахвотнікі, якіх насамрэч прызначалі. Звычайна, калі афіцэру робяць такую прапанову “добраахвотную”, то, калі ён адмовіцца — гэта будзе азначаць канец ягонай вайсковай кар’еры”.
XS
SM
MD
LG