Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КІРАЎНІК БЕЛАРУСКАГА ЎРАДУ НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА ІСЬЦІ Ў АДСТАЎКУ


Уладзімер Глод, Менск

Трохразовы алімпійскі чэмпіён веславаньня Ўладзімер Парфяновіч не шукаў нейкіх мудрагелістых словаў. Ён прапанаваў прэм’еру самастойна пайсьці з высокай пасады, паколькі ніякага эканамічнага прагрэсу пасьля прызначэньня спадара Навіцкага прэм’ерам, няма.

Кіраўнік ураду з такой прапановай не пагадзіўся.

(Навіцкі: ) “Я на сваю ініцыятыву такога рабіць ня буду. Я настроены па-баявому, я яшчэ сёньня толькі “ўеўся”, па сутнасьці, у працу і ўзяў гэтыя лейцы, каб кіраваць”.

Прапанова дэпутата Парфяновіча была настолькі незвычайная для так званай палаты, што нехта ў залі адразу ж пачаў абвінавачваць яго ў сарказьме. Знакаміты спартовец адказаў на гэта так:

(Парфяновіч: ) “Ніякага сарказму няма, я проста занепакоены тым, як дрэнна працуе ўрад”.

Прэтэнзіі да працы ўраду, але ў значна мякчэйшай форме, сёньня выказваў шэраг парлямэнтароў. Асноўнае пытаньне, якое іх клапоціць: якія захады зьбіраецца зрабіць урад, каб вывесьці беларускую эканоміку з крызысу і лібэралізаваць рынак? Аднак канкрэтнага адказу ад прэм’ер-міністра дэпутаты не пачулі.

Спадар Навіцкі заявіў, што ён ня лічыць сытуацыю ў беларускай эканоміцы крызыснай. “Я не драматызую сытуацыю так, як вы. Я лічу, што ў нас ніякай надзвычайшчыны ў краіне няма”, — сказаў ён. Як заўжды, прэм’ер апэляваў да прыкладу іншых дзяржаваў. Маўляў, у беларускай эканоміцы справы разьвіваліся і разьвіваюцца “не найгоршым чынам” у параўнаньні зь іншымі краінамі пераходнага пэрыяду, “а ў шмат якіх выпадках — нават лепш”.

Яшчэ прэм’ер сказаў, што лічыць вырашальнай пастаўленую кіраўніком дзяржавы задачу — зьнізіць да канца году вытворчыя выдаткі ня менш чым на 20%. Важнай падставай для гэтага прэм’ер назваў выраўноўваньне цэнаў на энэрганосьбіты з расейскімі.

Пры гэтым ён публічна паведаміў, што пакуль па ўнутраных расейскіх цэнах Беларусь будзе атрымліваць газ толькі ад “Газпраму” — гэта значыць дзесьці каля 60% ад агульнага аб’ёму блакітнага паліва, якое пастаўляецца ў краіну. Астатнія 40% пастаўляе ў Беларусь міждзяржаўная група кампаніяў “Ітэра”, зь якой беларускім уладам пакуль не ўдалося дасягнуць пагадненьня аб зьніжэньні цаны.

Значная частка сяброў так званага Нацыянальнага сходу, зь якімі я пасьпеў паразмаўляць пасьля выступу прэм’ера, былі не задаволеныя ягонымі адказамі. Навіцкі, лічаць яны, казаў многа, але ж на дзіва расплывіста.
XS
SM
MD
LG