Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ РАЗЬЛІЧВАЮЦЬ УЗЯЦЬ УДЗЕЛ У СЛУХАНЬНЯХ БЕЛАРУСКАГА ПЫТАНЬНЯ Ў ДЗЯРЖДУМЕ РАСЕІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра гэта Радыё Свабода паведаміла Ірына Красоўская, якая была ў Маскве разам са Сьвятланай і Вольгай Завадзкімі, Зінаідай Ганчар і Юліяй Чыгір.

Сустрэчы сваякоў зьніклых зь вядучымі расейскімі парлямэнтарамі арганізавалі Саюз правых сілаў Расеі і Аб’яднаная грамадзянская партыя Беларусі. Ім удалося дамовіцца аб сустрэчах і размовах з кіраўнікамі фракцыяў СПС Барысам Нямцовым, “Отечество — вся Россия” Вячаславам Валодзіным, “Единство” Ўладзімерам Пехціным і намесьнікам кіраўніка фракцыі “Яблоко” Сяргеем Іваненкам і былым кіраўніком расейскага ФСБ Мікалаем Кавалёвым.

Паводле Ірыны Красоўскай, расейскія палітыкі вельмі занепакоеныя становішчам з правамі чалавека ў Беларусі й гатовыя садзейнічаць паляпшэньню гэтага становішча. Акрамя ініцыяваньня парлямэнцкіх слуханьняў яны плянуюць зрабіць захады, наўпрост адрасаваныя прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну.

(Красоўская: ) “Як нам стала вядома, на будучым тыдні, у панядзелак, адбудзецца сустрэча Ўладзімера Пуціна з кіраўінкамі фракцыяў. І на гэтай сустрэчы лідэры, зь якімі мы сустракаліся, паабяцалі абавязкова ўзьняць пытаньне пра лёс зьніклых у Беларусі. Падрыхтаваны адмысловы зварот да Пуціна, у якім апісанае становішча са зьніклымі. Наколькі мне вядома, гэты зварот гатовыя падпісаць кіраўнікі ўжо шасьці фракцыяў, і гэта вельмі аптымістычны знак для нас”.

Удакладню, што акрамя СПС, “Яблока”, “Единства” і “Отечества” далучыцца да звароту на імя Пуціна могуць кіраўнікі фракцыяў “Регионы России” ды “Народный депутат”. Прадстаўнікі гэтых шасьці фракцыяў складаюць пераважную большасьць у Дзярждуме Расеі.

Аднак ці дасьць што чарговы зварот да расейскага прэзыдэнта, які ня можа ня ведаць пра праблему зьніклых з шматлікіх лістоў да яго, якія ідуць зь Беларусі? Гэткае пытаньне я задаў Ірыне Красоўскай.

(Красоўская: ) “Адна справа, калі жанчыны, маці, жонкі зьніклых зьвяртаюцца, і зусім іншае, калі падымаюць праблему лідэры фракцыяў, якія занепакоеныя станам справаў у краіне, зь якой яны зьбіраюцца ўтвараць саюз. Гэта іншы фармат, і я спадзяюся, ён дапаможа сканцэнтраваць увагу на пытаньні правоў чалавека ў Беларусі”.

Паводле яе, былы кіраўнік расейскага ФСБ дэпутат Дзярждумы Мікалай Кавалёў пацьвердзіў, што існуе прававы фундамэнт для правядзеньня расьсьледаваньня справаў зьніклых сумесна з расейскімі спэцслужбамі. Дзеля гэтага толькі патрэбная палітычная воля беларуская кіраўніцтва, якой пакуль ня выяўлена. Што да магчымых слуханьняў у верасьні, сваякам зьніклых было заяўлена, што іх абавязкова запросяць у Маскву для ўдзелу ў гэтых слуханьнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG