Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ НЯ ХОЧА БАЧЫЦЬ КІРАЎНІЦТВА АБСЭ Ў МЕНСКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўнікі АБСЭ выказвалі намер наведаць Беларусь 1–2 ліпеня. Але ў МЗС Беларусі лічаць гэты тэрмін нязручным, паколькі візыт заплянаваны імі напярэдадні галоўнага дзяржаўнага сьвята — Дня незалежнасьці 3 ліпеня.

Аднак для беларускага боку непрымальны гэты візыт і па іншай, больш сур’ёзнай, прычыне. Фактычна афіцыйны Менск паставіў для прыезду кіраўнікоў АБСЭ свае перадумовы. Гаворыць прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Павал Латушка:

(Латушка: ) “Мы ведаем пра такі намер — наведаць Беларусь... Мы зыходзім з таго, што калі гэта будзе візыт дзейнага старшыні АБСЭ, то мы павінны бачыць ягоныя выразныя прапановы па ўпарадкаваньні ўзаемных адносінаў і ягоную гатоўнасьць разглядаць унесеныя намі пытаньні на Сталай Радзе АБСЭ. Пытаньне ж КНГ АБСЭ — гэта прыватнае пытаньне. Мы выступаем за правядзеньне сустрэчы — хацелі б гэта падкрэсьліць, але гэтая сустрэча павінна мець свой парадак дня”.

Павал Латушка адмовіўся сказаць, якую дату згаданага візыту ў МЗС Беларусі лічаць найбольш верагоднай.

Такім чынам, адмаўляючы ў візыце, афіцыйны Менск спрабуе пераканаць кіраўніцтва АБСЭ нарэшце пераглядзець мандат КНГ АБСЭ ў Беларусі й прыняць Нацыянальны сход у склад Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Прадстаўнік МЗС Беларусі таксама пацьвердзіў сёньня тое, што днямі беларускі бок перадаў у Маскву свае прапановы па выпрацоўцы Канстытуцыйнага акту так званае саюзнае дзяржавы.

(Латушка: ) “Галоўнае ў тым, што і ў ацэнках прэзыдэнта Беларусі, і прэзыдэнта Расеі дакладна прагучаў прынцып сувэрэнітэту дзяржаваў, ад якога ня можа быць адступленьня”.

Паводле словаў Паўла Латушкі, беларускі бок прапанаваў Расеі наступны парадак працы над Канстытуцыйным актам: падрыхтоўка праекту, ухваленьне яго кіраўнікамі дзяржаваў, Вышэйшым дзяржсаветам саюзнай дзяржавы і вынясеньне яго на рэфэрэндум у дзьвюх краінах. Пасьля гэтага Менск прапануе арганізаваць выбары ў саюзны парлямэнт. Уладзімер Пуцін увогуле выказаўся супраць наднацыянальнага парлямэнту.

Пакуль невядома, калі адбудзецца чарговая сустрэча кіраўнікоў Беларусі й Расеі, анансаваная на канец чэрвеня, з мэтай урэгуляваньня канфліктных пытаньняў. У МЗС Беларусі зазначаюць, што тэрміны ўзгадняюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG