Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВЫКАРЫСТОЎВАЮЧЫ ТАКІЯ МЭХАНІЗМЫ ЎЗДЗЕЯНЬНЯ НА ЖУРНАЛІСТАЎ, БЕЛАРУСКІ БОК НА НАРМАЛІЗАЦЫЮ КАНТАКТАЎ З ВАРШАВАЙ НЯ МОЖА РАЗЬЛІЧВАЦЬ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Спадар Маеўскі, як бы вы пракамэнтавалі вырак беларускага суду ў справе журналістаў газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі?”

(Маеўскі: ) “Сталася тое, чаго мы асьцерагаліся. А менавіта, журналісты, якія паспрабавалі скарыстацца з гарантаванага права на свабоду слова і свабоду прэсы, былі за гэта пакараныя праз суд. Гэты працэс значна абмежаваў свабоду выказваньняў у Беларусі і яшчэ раз пацьвердзіў, што стаўленьне беларускіх уладаў да свабоды прэсы адназначнае – яно не спрыяе пабудове ў гэтай краіне дэмакратычных інстытутаў і асабліва галоўнага інстытуту дэмакратыі – незалежных мэдыяў”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Маеўскі, скажыце, ці вынікі гэтага судовага працэсу паўплываюць якім-небудзь чынам на дыпляматычныя стасункі паміж Варшавай і Менскам?”

(Маеўскі: ) “Мы неаднаразова падавалі тыя варункі, пры якіх дыпляматычныя кантакты паміж Польшчай і Беларусьсю на высокім палітычным узроўні маглі б быць нармалізаваныя. Але судовы працэс над журналістамі ”Пагоні” – гэта чарговы выпадак, які сьведчыць аб тым, што, выкарыстоўваючы такія мэханізмы ўздзеяньня на журналістаў, беларускі бок на нармалізацыю кантактаў з Варшавай ня можа разьлічваць. Такім чынам, гэты суд ня зьменіць нашага стаўленьня да Беларусі. Ён толькі ўмацоўвае нашыя меркаваньні і пацьвярджае нашыя выказваньні ў гэтай справе”.

(Карэспандэнт: ) “Ці плянуе Міністэрства замежных справаў Польшчы выдаць афіцыйную заяву у гэтай справе?”

(Маеўскі: ) “Мы ўжо рабілі такую заяву, аб чым слухачы вашага радыё напэўна ведаюць. Аднак паўтаруся: мы са смуткам адзначаем, што засьцярогі, якія мы зьмясьцілі ў нашай заяве, пацьвердзіліся. Але, нягледзячы на гэта, мы спадзяемся, што дзякуючы ціску ўсіх тых, хто разумее дэмакратыю такой, якая яна насамрэч ёсьць, вырак будзе скасаваны. Спадзяемся таксама, што іншыя беларускія мэдыі будуць мець дастаткова адвагі і магчымасьцяў, каб салідарна выступіць у абарону сваіх пакараных калегаў”.
XS
SM
MD
LG