Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЫ СУПРАЦЬ ПАПРАВАК У ЗАКОН “АБ СВАБОДЗЕ ВЕРАВЫЗНАНЬНЯ”, ЯКІ МОЖА АБМЕЖАВАЦЬ РЭЛІГІЙНЫЯ ПРАВЫ ЛЮДЗЕЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць апытаных людзей нічога ня чула пра папраўкі ў закон “Аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганізацыях”, якія ў другім чытаньні разглядалі сёньня дэпутаты палаты прадстаўнікоў. Таму прыходзілася тлумачыць сэнс гэтых дадаткаў. Вось якой была рэакцыя людзей рознага веку й заняткаў:

(Жанчына: ) “Такія абмежаваньні не патрэбныя, кожны чалавек мае права вызнаваць любую веру”.

(Мужчына: ) “Ня можа быць перавагі адной канфэсіі перад іншай. Асабліва мяне зьдзіўляе гэты ўхіл у бок праваслаўя. Я хаця й сам праваслаўны, тыя дзяржаўныя абмежаваньні не спрыяюць згодзе”.

(Дзяўчына: ) “Не, абмяжоўваць правы вернікаў нельга, дзяржава ня мае на гэта права. Дзяржава мусіць рэгуляваць іншыя бакі жыцьця, а рэлігію — не”.

(Спадар: ) “Ведаеце, цяжка адказаць на гэтае пытаньне, бо ня ведаю гэтай праблемы”.

(Дзяўчына: ) “Лічу, што ніводная рэлігія ня мусіць мець сваіх межаў. Калі чалавек верыць, то трэба даваць яму такую магчымасьць”.

(Кабета: ) “Вера мусіць быць у кожнага сваёй. Кожны мусіць жыць паводле Божых законаў — ня красьці й не забіваць, а верыць можа ў каго хоча”.

(Спадарыня: ) “Любыя дыскрымінацыі ні да чаго не прывядуць. Кожны чалавек верыць у тое, у што ён хоча верыць”.

(Карэспандэнт: ) “Але, дзяржава мусіць мяшацца ў рэлігійнае жыцьцё людзей, ці не?”

(Спадарыня: ) “Не. Чаго мы дасягнулі? Раней мяшалася — я, напрыклад, у школу хадзіла, схадзіла раз у царкву, і мяне не прынялі ў камсамол. Я праваслаўная, веру й буду верыць, бо акрамя Бога няма каму й верыць, хаця мы яго й ня бачым. Усё адно ёсьць надзея на лепшае”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што кожны мае права верыць у таго ці іншага Бога, кожны мае права на вывучэньне сваёй рэлігіі. Відаць, гэтыя абмежаваньні будуць не на карысьць нашым жыхарам, бо калі абмяжоўваць людзей у веры, іншай — не праваслаўнай, усё роўна будзуць праходзіць набажэнствы, але падпольна. Таму нікому гэта на карысьць ня пойдзе”.

Ніхто за апытаных не сказаў, што абмежаваньне правоў вернікаў пойдзе на карысьць Беларусі й яе грамадзянам.
XS
SM
MD
LG