Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДРУГІ БЕЛАРУСКІ КАНАЛ: СЭНСАЦЫІ НЕ АДБЫЛОСЯ


Любоў Лунёва, Менск

Кіраўніцтва АНТ доўгі час праводзіла рэклямную кампанію. Беларускім тэлегледачам абяцалі цікавыя сюжэты й нечаканыя сюрпрызы. Але абяцаньні, мякка кажучы, ня спраўдзіліся. Тэлежурналіст, былы рэдактар студыі “Палітыка” Леанід Міндлін выказаўся на гэты конт Радыё Свабода:

(Міндлін: ) “Інфармацыйнай падзеі не адбылося. Тое, што мы ўбачылі — ня вельмі добры варыянт “Панарамы”. Ня трэба было чакаць цікавай інфармацыйнай праграмы, бо добрая інфармацыя толькі ў тым грамадзтве, якому патрэбная інфармацыя.

Калі аналізаваць прафэсійна, то вельмі нецікавая праграма ва ўсіх адносінах. Па-першае, незразумелая канцэпцыя самой інфармацыйнай праграмы. Па-другое, ва ўсім такі налёт дылетантызму! Здымкі вельмі няякасныя, вельмі няякасны мантаж, вельмі няякасны тэкст сюжэтаў і вельмі такая, з прэтэнзіямі на сучасны дызайн, студыя. Але нічога сучаснага там няма — усё гэта было некалькі гадоў таму.

Праграма ідзе адразу пасьля інфармацыйнай праграмы “Время” ОРТ. Ну, гэта высокапрафэсійная сучасная праграма, якая адлюстроўвае інфармацыйны малюнак сьвету. А за ёй “Наши новости”... Вельмі ўражвае кантраст ня толькі з праграмай “Время” ОРТ, але й з той жа “Панарамай” БТ. У параўнаньні нават з “Панарамай” гэта было вельмі сумнае відовішча”.

А вось меркаваньні былой супрацоўніцы БТ тэлежурналісткі Веранікі Чаркасавай:

(Чаркасава: ) “Першае, што насьцярожвае з выхадам новага каналу, — гэта фармулёўка рэклямнага сьлёгану: “Не замест ОРТ, а разам з ОРТ”. Ну, як гэта будзе на практыцы выглядаць? Экран, які падзеляць на дзьве часткі? Зразумела, што праграмы, якія будзе рыхтаваць АНТ, будуць перакрываць некаторыя праграмы ОРТ. Узьнікае бясьпека, што АНТ будуць выкарыстоўваць у палітычных мэтах, бо гэта дае магчымасьць перакрываць тыя праграмы, якія не патрэбныя беларускаму кіраўніцтву. Таму АНТ стане не агульнанацыянальным тэлебачаньнем, а чарговым палітычным сродкам, які беларускія ўлады будуць выкарыстоўваць у сваіх мэтах”.

Тэлежурналістка Ганна Арцюшкевіч дадала:

(Арцюшкевіч: ) “Ня толькі таму, што БТ глядзяць ня ўсе і, наагул, тэлегледачоў становіцца ўсё менш і менш, а рэйтынгі ўсе гэтыя дутыя. Я лічу, што, па-першае, яны выйшлі на ОРТ для таго, каб абмежаваць расейскае вяшчаньне ў Беларусі. Па-другое, таму што ОРТ сапраўды рэйтынгавы канал, і БТ-2 будзе разьмяшчаць на ім рэкляму. Тады “пад шумок” гледачы нават, калі спачатку будуць глядзець БТ-2, аўтаматычна будуць глядзець і гэтую рэкляму”.

Пакуль АНТ нічога новага не прапанавала беларускім тэлегледачам. Умовы камэрцыйнага кантракту паміж ОРТ і закрытым акцыянэрным таварыствам “Агульнанацыянальнае тэлебачаньне” не разгалошваюцца.
XS
SM
MD
LG