Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯЎГЕН ПРЫМАКОЎ ПАДТРЫМЛІВАЕ ЗАХАВАНЬНЕ СУВЭРЭНІТЭТАЎ І СТВАРЭНЬНЕ НАДНАЦЫЯНАЛЬНЫХ ОРГАНАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Аглядальнікі адразу зьвярнулі ўвагу на дзьве акалічнасьці. Першая — прэзыдэнт гандлёва-прамысловай палаты не сустракаўся з сваім беларускім калегам Уладзімерам Бабровым. І другая — чыноўніка зь ня вельмі высокай у параўнаньні з кіраўніком дзяржавы пасадай прымаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Гэтыя факты адразу давалі зразумець — размова Лукашэнкі й Прымакова будзе за межамі супрацоўніцтва дзьвюх палатаў.

Так і атрымалася. Пасьля амаль трохгадзіннай сустрэчы Яўген Прымакоў распавёў журналістам, што тэмай сустрэчы сталі беларуска-расейскія дачыненьні. Дарэчы, калі сёньня зранку стала вядомая праграма знаходжаньня Прымакова ў Менску, аналітыкі пачалі прагназаваць, зь якой жа мэтай ён прыехаў. Думкі падзяліліся.

Адны лічылі, што Прымакоў быў тэрмінова выкліканы Лукашэнкам, каб уплывовы палітык пасьля падтрымаў лукашэнкаўскую канцэпцыю саюзнай дзяржавы. Іншыя казалі, што Прымакоў прыехаў з ініцыятывы Ўладзімера Пуціна. Маўляў, Крэмль даручыў патрыярху расейскай палітыкі пераканаць Лукашэнку, каб той не працівіўся плянам расейскага прэзыдэнта.

Пасьля сустрэчы высьветлілася, на чыім баку Прымакоў. Яму падабаецца беларускі варыянт дамовы. Пра гэта сьведчаць наступныя выказваньні маскоўскага госьця. Прымакоў лічыць аптымальным варыянтам стварэньне “брацкага саюзу з абавязковым захаваньнем сувэрэнітэтаў. Мне падаецца, што на гэтым этапе захаваньне сувэрэнітэту неабходнае, але пры дэлегаваньні пэўных паўнамоцтваў наднацыянальным органам”.

Расейскі палітык таксама дадаў, што ня трэба думаць, што ён прыехаў карэктаваць саюзную дамову. “Усялякія размовы аб уваходзе Беларусі ў склад Расеі ў якасьці аднаго зь яе суб’ектаў ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю, і гэтыя схемы зьяўляюцца надуманымі”.

А вось Лукашэнка, падобна, гатовы на пэўныя зьмены. Ён сказаў, што “можна і карэктаваць, калі будзе што. Мы ж людзі разумныя”, — заўважыў ён.

“Як Вы ацэньваеце сёньняшнюю сустрэчу Лукашэнкі й Прымакова і чаго можна чакаць у беларуска-расейскіх стасунках далей?” Вось што адказвае на гэтае пытаньне Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Сытуацыя вельмі нагадвае сытуацыю, што была пасьля сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Усё было добра, а потым Пуцін агучыў нешта іншае. І Лукашэнка таксама. Таму я лічу, што размова Лукашэнкі й Пуціна тычылася ўвогуле інтэграцыйных працэсаў. І, можа быць, калі Прымакоў націскаў на сувэрэнітэт Беларусі, можа быць, размова вялася пра ўваход Беларусі ў склад Расеі і на якіх умовах гэта можа адбыцца”.


Іншыя матэрыялы на гэтую тэму
ў рубрыцы "Беларусь - Расея"
XS
SM
MD
LG