Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ВЫГЛЯДАЕ “АБМЕЖАВАНЬНЕ ВОЛІ”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Стары трактар “Беларус” ледзь цягне вымазаны перагноем прычэп, на якім гурбой навалены сьвежы сянаж. Трактар спыняецца ля фэрмы, і шэсьць мужыкоў, што дагэтуль хаваліся ў высокай траве, падхопліваюцца ды пачынаюць згружаць зялёную масу. Гэты працэс раптоўна спыняецца пасьля зьяўленьня майго аўтамабіля. Мужыкі апускаюць вілы. Некаторыя выцягваюцца, як сустрэўшы начальніка.

Адразу бачна, гэта не звычайныя калгасьнікі. Гэта тыя, хто тут, у вёсцы Кімія Барысаўскага раёну адбывае пакараньне як “абмежаваны ў волі”. Нагадаю, у народзе такі рэжым здаўна называюць “хіміяй”, а тое, што “хімія” ў Барысаўскім раёне месьціцца ў весцы Кімія — ня больш як выпадковасьць.

“Хімік” з двухгадовым стажам Алег Халяеў аказаўся сьмялейшым за астатніх і пагадзіўся адказаць на мае пытаньні пра ўмовы жыцьця у Кіміі. Алег празь месяц зьедзе дамоў, у свае Ждановічы, дзе, як ён прызнаецца, з прычыны сваёй сквапнасьці стаў “на злачынны шлях”.

(Халяеў: ) “Я сюды патрапіў, бо скраў зварачны апарат у калгасе. Мне далі тры гады, адправілі сюды. Збольшага тут жыць можна, калі не парушаеш рэжым. Парушэньнем рэжыму лічыцца, калі ты не зьявіўся ў інтэрнат да 10 гадзінаў, калі жывеш у інтэрнаце, ці за ўжываньне алькаголю. Тады на месяц пазбавяць права пяць дзён правесьці дома. Месяц будзе ўсё добра, парушэньне здымуць, бо калі назапасіш нязьнятыя тры парушэньні, то зьменяць рэжым — адправяць на зону. Вось гэтага мы баімся як агня і таму трымаемся дысцыпліны”.

Алег Халяеў працуе начным вартаўніком на фэрме. Зарабляе 50–60 тысяч штомесяц, цяпер болей, бо пайшло добрае малако. Праўда, плацяць з затрымкамі, яшчэ не разьлічыліся за красавік. У тым, што яму, злодзею, давяраюць цялят, кароваў і даільную тэхніку, ён ня бачыць нічога дзіўнага.

“Тут нас такіх 170 чалавек. Кожны меў нешта дрэннае ў біяграфіі, дык што, цяпер нам няма ні ў чым веры?” — абураецца мой суразмоўца. Ды й ня лічыць ён большасьць зь цяперашніх сяброў злачынцамі. Прыкладам, значную частку кантынгенту спэцкамэндатуры “Кімія” складаюць тыя, хто не плаціў алімэнты на сваіх дзяцей. Ім нават мянушку прыдумалі дастаткова прывабную — “цеплатрасьнікі”. Алег Халяеў тлумачыць, чаму:

(Халяеў: ) “Раз пагрэліся, а плаціць трэба 18 гадоў”.

Самым вясёлым у кампаніі маіх суразмоўцаў аказаўся невялічкі мужычок зь мянушкай Прапаршчык. Ён зь мясцовых і добра ведае тых, хто адбываў пакараньне ў Кіміі цягам усіх 10 гадоў існаваньня тут спэцкамэндатуры. Дык вось Прапаршчык узгадаў, што тры гады таму тут сядзеў нейкі менскі журналіст Саша, якому далі тры гады “хіміі” за бойку ў рэстаране. Дэбашыр-журналіст запомніўся Прапаршчыку ветлівасьцю, знаходлівасьцю ў справе здабываньня алькаголю, а яшчэ тым, што аднойчы падчас урагану на яго зваліўся дах аднаго з цэхаў цэглавага заводзіку і пры гэтым ахвяру стыхіі нават не параніла.

Дарэчы, цэглавы завод у Кіміі некалькі гадоў як зачынены, а раней менавіта на ім працавала большасьць “хімікаў”. Цяпер каго возяць працаваць на такі ж завод у суседняе мястэчка Зэмбін, каго на пілараму, у бальніцу, на працу ў мясцовы калгас “Камінтэрн” і суседнюю “Зару”. Спэктар заняткаў асуджаных вельмі шырокі, і адпаведна для іх усталяваныя розныя рэжымы, патлумачыў мне капітан міліцыі Валеры Конан, які дзяжурыў у камэндатуры.

(Конан: ) “Рэжым вызначае кіраўніцтва ўстановы. Вось сьпісы, як людзі працуюць. Адны працуюць 12 гадзінаў, некаторыя нават цягам усяго дня. Гэта звычайна вартаўнікі. У асноўным нашыя людзі ўладкаваныя на дзяржаўных прадпрыемствах, але ёсьць і такія, якія на фэрмэрскай гаспадарцы, ці адзін працуе ў Барысаве ў прыватнага прадпрымальніка. Гэтыя жывуць, як мы кажам, на выпісцы, яны павінны адзначацца ў мясцовай міліцыі. Але асноўная маса жыве тут, ва ўсім астатнім яны як звычайныя людзі, але начаваць прыходзяць сюды”.

Капітан паказаў мне давераную яму на сёньня спэцкамэндатуру. Гэта аднапавярховы будынак былой школы. Няма ніякай агароджы з калючага дроту, толькі на ўваходзе ў агульны калідор стаіць так званая вяртушка, як на фабрычных прахадных. Чым далей ідзеш па калідоры, тым больш усё нагадвае рабочы інтэрнат з элемэнтамі турмы.

Дзьверы пакояў з “вочкамі”, пакоі невялічкія, уздоўж сьценаў зьмяшчаюцца па два двух’ярусныя ложкі. Ружовыя плякаты з распранутымі маладзіцамі, што вісяць над ложкамі, рэзка кантрастуюць зь зелянінай нагляднай агітацыі ў калідоры — цэнтральнае месца тут адведзенае дзяржаўнай сымболіцы ды стэнду зь пералікам правоў і абавязкаў асуджаных. Але асьвятленьне ў калідоры такое слабое, што прачытаць нешта немагчыма. Ніхто, апроч мух, гэтымі стэндамі й не цікавіцца.

Асуджаныя няўрымсьліва гуляюць у тэніс на мэталічным стале, апошнімі навінамі грыміць прыстасаваны ажно пад стольлю чорна-белы тэлевізар, з кухні ў канцы калідору пахне нечым перасмажаным.

Дарэчы, гатаваньне ежы на “хіміі”, у адрозьненьне ад сапраўднай турмы, ёсьць правам асуджаных, але, відаць, мужчыны і тут застаюцца мужчынамі — права кулінарыць успрымаецца імі як абавязак, ад якога хацелася б пазбавіцца. І гэта магчыма зрабіць, калі ў госьці да асуджанага прыедзе жонка. Але тады прыйдзецца здымаць жытло ды плаціць за гэта грошы, што балюча адаб’ецца на сямейным бюджэце “хімікаў”. Таму іхныя жонкі сюды езьдзяць вельмі рэдка, а хто халасты ды не хапае жаночай пяшчоты, то, як сьцьвярджаецца, некаторыя мясцовыя кабеты такім не адмаўляюць. Ва ўсялякім разе, мой экспэрт у мясцовых справах Прапаршчык з усьмешкай да вушэй паведаміў, што з нараджальнасьцю ў Кіміі ня горш, чым у Менску.

Але капітан Конан лічыць гэта перабольшаньнем. Ён кажа, што да ягонага кантынгенту мясцовыя ставяцца з асьцярогай. Паміж імі, маўляў, бываюць канфлікты, нездарма асуджаным катэгарычна забаронена ўдзельнічаць у забаўляльных мерапрыемствах, якія праходзяць у мясцовым клюбе. Прыкладам, на танцы іх не пускаюць. Ці адбіваюцца гэтыя абмежаваньні на паводзінах асуджаных, спытаўся я ў міліцыянта. Замест адказу капітан паказвае на дошку, на якой напісаныя прозьвішчы парушальнікаў рэжыму.

(Конан: ) “Вось людзі, якія знаходзяцца ў вышуку. Мы іх абвяшчаем у вышук. Вось Халай і Адамовіч ужо паўгоду недзе бегаюць. Шалтун тыдзень як не прыехаў з адпачынку, Пучак не прыехаў з 24-га. Два дні ўсяго бегае, а пройдзе 10 дзён, і мы яго абвесьцім у рэспубліканскі вышук. А як знойдуць, то хутчэй за ўсё заменяць яму рэжым на больш строгі — такое будзе пакараньне”.

Мы разьвіталіся з капітанам, ён сеў за свой стол побач з прахадной і адкрыў другі том “Вайны і міру” Льва Таўстога. Пісталета ў капітана няма, таму цяжка ўявіць, чым пры нападзе асуджаных будзе адбіваецца ад іх міліцыянт — хіба што гэтай таўшчэзнай кнігай. Праўда, капітан кажа, што на “хіміі” на ахоўнікаў не нападаюць, бо няма сэнсу, усё роўна зловяць. Як у ваду глядзеў. Не пасьпеў я выйсьці зь дзяжуркі, як раздаўся тэлефонны званок і капітану Конану паведамілі, што ў Жодзіна затрыманы адзін са зьбеглых з Кіміі асуджаных.

“Зараз дамо вам тэлеграму. Стэлефануемся і вызначымся, ці то яго этапуюць з Жодзіна, ці мы самі яго забярэм”, — адказаў капітан у слухаўку і дадаў ужо для мяне: “Ад нас не ўцячэш”.
XS
SM
MD
LG