Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША ПРАПАНУЮЦЬ ПЛЯН УРЭГУЛЯВАНЬНЯ БЛІЗКАЎСХОДНЯГА КАНФЛІКТУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Цягам мінулага тыдня зьяўляліся паведамленьні, што Джордж Буш выступае за стварэньне самастойнай палестынскай дзяржавы. І вось зараз ён выстаўляе шэраг умоваў, пры якіх гэта можа стаць магчымым.

Прэзыдэнт ЗША лічыць, што пакуль што магчымае стварэньне палестынскай дзяржавы праз тры гады. Але гэта, на ягоную думку, магчыма толькі пры правядзеньні рэформаў у Палестынскай аўтаноміі. Буш ня верыць, што Ясір Арафат можа спыніць гвалт. Нават затрымкі з абвешчаньнем пляну выкліканыя новымі ўспышкамі тэрору супраць ізраільцаў. Буш заклікаў палестынцаў знайсьці новага кіраўніка аўтаноміі і правесьці дэмакратызацыю органаў улады. Вось ягоныя словы:

“Я заклікаю палестынскіх людзей выбраць новых лідэраў, лідэраў, не скапрамэтаваных тэрорам. Я заклікаю іх пабудаваць практычную дэмакратыю, якая базуецца на талерантнасьці і свабодзе”.

Буш прапанаваў правесьці выбары ў палестынскі заканадаўчы сход ужо да канца гэтага году, які б зацьвердзіў канстытуцыю новай дзяржавы. І яшчэ адзін фрагмэнт прамовы Буша:

“І калі палестынскі народ будзе мець новых лідэраў, новыя інстытуцыі і новыя дамоўленасьці ў бясьпецы са сваімі суседзямі, Злучаныя Штаты падтрымаюць стварэньне палестынскай дзяржавы.”

Межы гэтай дзяржавы і асобныя аспэкты сувэрэнітэту будуць мець часовы характар. Адначасна Буш заклікаў Ізраіль адвесьці войскі з палестынскіх тэрыторыяў.

Буш не назваў імя Арафата, але выснова, што ён заклікаў адхіліць ад улады Арафата, чытаецца вельмі празрыста. Прэзыдэнт выказаўся вельмі блізка да пазыцыі ізраільскага прэм’ера Арыэля Шарона, што Арафат павінен быць адхілены ад улады, бо ён ня можа спыніць тэрор і ня можа разглядацца як сапраўдны партнэр у мірных перамовах.

Рэакцыя палестынскага боку пакуль што стрымана-нэгатыўная. Высокапастаўлены палестынец Саэб Эрэкат сказаў, што заклік Буша непрымальны. Працытую яго: “Прэзыдэнт Арафат – абраны палестынскім народам лідэр, і яго трэба паважаць”. Сам Арафат выступіў з заявай, у якой ён вітаў прамову Буша як “сур’ёзны ўнёсак” у мір на Блізкім Усходзе, і адзначыў, што палестынскія ўлады спадзяюцца на абмеркаваньне ідэяў Буша з адміністрацыяй. У заяве няма згадкі пра Бушаў заклік памяняць палестынскага лідэра.

Сёньня ўсясьветная прэса вельмі шырока камэнтуе плян Буша. Падаем некалькі найбольш характэрных камэнтароў. Брытанская “Guardian” адзначае, што ў сваім пляне Буш выстаўляе галоўным чынам патрабаваньні да палестынскага боку, а тое, што Ізраіль распачаў рэ-акупацыю палестынскіх гарадоў засталося па-за бачаньнем Вашынгтону. Яна ж падкрэсьлівае, што далей за адхіленьнt ад улады Арафата Буш не пайшоў. Аналягічнае меркаваньне падае і “Washington Post”. Газэты пішуць, што ў пляне няма канкрэтных прапановаў у справе межаў, месцазнаходжаньня сталіцы вельмі пакуль нявызначанай будучай дзяржавы, як і пра будучыню мільёнаў палестынскіх уцекачоў.

Іншае меркаваньне друкуе “Wall Street Journal”. Газэта называе плян сьмелым і істотным скачком наперад у амэрыканскай блізкаўсходняй дыпляматыі. “New York Times” назвала Бушава бачаньне шляхоў разьвязаньня канфлікту “плянам бяз карты”. У рэдакцыйным артыкуле падкрэсьліваецца, што для палестынскай і ізраільскай дзяржаваў, каб яны мірна суіснавалі, патрэбны спэцыфічны накірунак, які Буш ня ў стане забясьпечыць. Бальшыня газэтаў зазначае, што плян Буша стаўся ударам для палестынцаў, але наўрад ці быў нечаканым. Што да рэальнасьці яго ўвасабленьня, то сёньня зноў назіральнікі падкрэсьліваюць, што гэта можа стаць магчымым, калі будуць зробленыя крокі насустрач перадусім абодвумі бакамі – як палестынскім, так і ізраільскім.
XS
SM
MD
LG