Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ АСУДЖАЮЦЬ ПЕРАСЬЛЕД ГАРАДЗЕНСКІХ ЖУРНАЛІСТАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

У справе перасьледу журналістаў незалежнай газэты “Пагоня” менчукі прадэманстравалі рэдкую дасьведчанасьць: кожны з маіх выпадковых суразмоўцаў альбо ведаў пра судовы вырак, альбо нешта чуў пра сам працэс. Амаль аднадушнымі былі таксама меркаваньні адносна стасункаў улады й незалежных мэдыяў. На пытаньне — што вы думаеце пра абмежаваньне волі Паўла Мажэйкі й Міколы Маркевіча ў зьвязку з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі — адказы былі такія:

(Юнак: ) “Я думаю, што гэты працэс несправядлівы. Прэзыдэнт ня мае рацыі”.

(Дзяўчына: ) “У нашай краіне адбываюцца дзіўныя рэчы. Становіцца страшна жыць”.

(Спадар: ) “Лічу, што асуджаць людзей за неапублікаваныя матэрыялы недапушчальна. А ў гэтым выпадку — што было ў тых матэрыялах, грамадзкасьці невядома. Па-мойму, гэта брыдка”.

(Юнак: ) “Па-мойму, гэта ўсё сфабрыкавана. Закрываюць рот усім, калі нехта праўдзівае хоча сказаць”.

(Спадарыня: ) “Мне вельмі сумна, што яны ў такую кепскую гісторыю патрапілі, што іх асуджаюць. Вельмі шкада”.

(Спадар: ) “Лічу, што ніякай дэмакратыі ў краіне няма. Так яно й працягваецца. Ідзе страшэнны ціск — і як на газэту “Пагоня”, так і на газэту “Рабочы”. У сваім выступе Аляксандар Рыгоравіч казаў, што ў нас прэсы вельмі шмат. Але прэса ўся дзяржаўная”.

(Спадар: ) “Відавочна паступіў загад зьверху, зь Менску. І тады гарадзенскія чыноўнікі (бо тут цяжка казаць нават пра гарадзенскіх судзьдзяў) папросту выканалі загад. Канечне, гэта страшэнна, што творчыя людзі пойдуць адпрацоўваць так званую хімію”.

(Юначка: ) “Гэта іхная праца. Яны павінны казаць людзям праўду. Але калі за гэта пазбаўляюць волі, то хутка ўсіх людзей у Беларусі пасадзяць за тое, што яны выконваюць сваю працу”.

Частка мінакоў, якіх я прыпыняла на менскіх вуліцах, спачатку пагаджаліся адказаць на пытаньне Радыё Свабода, але пачуўшы пра суд у зьвязку з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, прабачаліся, казалі, што яны вельмі сьпяшаюцца й сыходзілі. І значная меншая частка сярод іх — літаральна адзінкі — не маглі сказаць адносна перасьледу журналістаў нічога пэўнага.

(Карэспандэнтка: ) “Двое гарадзенскіх журналістаў — Павал Мажэйка й Мікола Маркевіч — асуджаныя за крытыку Аляксандра Лукашэнкі. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадарыня: ) “Я не знаёмая з усімі нюансамі, таму цяжка сказаць. Я ня чула іх выступаў”.

(Спадарыня: ) “Я не абараняю некага, але часта паводзіны журналістаў мне вельмі не падабаюцца”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле за тое, каб людзі былі вольныя ва ўсім: у сваім выбары й сваіх дзеяньнях”.

Калі выключаўся мікрафон, некаторыя з маіх сёньняшніх суразмоўцаў выказвалі спадзяваньне, што вышэйшыя судовыя інстанцыі будуць больш справядлівымі да журналістаў, але гэтага павінна патрабаваць шырокая грамадзкасьць. Нагадаю, што Павал Мажэйка й Мікола Маркевіч маюць намер зьвярнуцца з апэляцыйнай заявай у Гарадзенскі абласны суд цягам наступных дзесяці дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG