Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКАЙ ЛЕЧКАМІСІІ БУДУЦЬ ЛЯЧЫЦЬ ТОЛЬКІ ЛЮДЗЕЙ З АДМІНІСТРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ І ВЭТЭРАНАЎ


Любоў Лунёва, Менск

У лечкамісію больш ня змогуць зьвяртацца міністры, іхныя намесьнікі, дактары навук, акадэмікі, вядомыя пісьменьнікі, а таксама іхныя сем’і. Выключэньне зробленае для прадстаўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі і вэтэранаў вайны.

Людзі па-рознаму ставяцца да гэтага. Што тычыцца творчай інтэлігенцыі, то большасьць зь іх ставіцца больш-менш абыякава да гэтай сытуацыі. Жонкі прадстаўнікоў намэнклятуры абураюцца. Людзі сталага ўзросту, якія прызвычаіліся да гэтай паліклінікі, крыху разгубленыя. Вось што кажа 75-гадовая былая пацыентка лечкамісіі:

(Жанчына: ) “Я рэдка зьвярталася да лекара. У асноўным толькі да стаматоляга. Мне, канечне, ня вельмі страшна, але гэта нязручна. Цяпер трэба будзе ісьці, шукаць недзе... А мы ж з мужам у лечкамісіі з 1965 году. Мне ўжо семдзесят шосты год. Куды мне цяпер ісьці? Усё трэба пачынаць, як упершыню. Мужа пакінулі ў паліклініцы, бо ён вэтэран вайны — і тое добра. Ну, калі прынялі такое рашэньне, то, што ж зробіш. Трагедыі з гэтага ня робім”.

На думку былога пацыента гэтай установы, старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба, лечкамісія — гэта атавізм былой сыстэмы, калі для намэнклятуры існавалі спэцкрамы, спэцатэлье, спэцпаліклінікі — і ад такой установы трэба пазбаўляцца.

(Грыб: ) “Мяне выключылі ў 1998 годзе пасьля таго, як мы на паседжаньні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня прагаласавалі аб правядзеньні выбараў. Ніякай трагедыі ў гэтым я ня бачу. Але маю жонку, інваліда ІІ групы, пакінулі, а потым, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, выключылі. Я лічу, што гэта атавізм савецкай сыстэмы, якая была раней, партыйнай сыстэмы — наогул, гэта не патрэбна.

Кіраўніцтва краіны, абласьцей, гарадоў, раёнаў павінна лячыцца й атрымліваць лекі там, дзе й усе людзі. Я думаю, калі б яны былі разам з грамадзянамі, дык і ў гэтых паліклініках і шпіталях было б больш карысьці й парадку. Сёньняшні прэзыдэнт робіць сваю намэнклятуру, каб людзі, якія там працуюць, поўнасьцю ад яго залежалі. Залежалі ад таго, які заробак ён дасьць, залежылі ад таго, якую капэрту ён ім дасьць незаконна, залежалі ад таго, ці дасьць ён ім пуцёўку, залежалі ад таго, якія лекі ён ім прадасьць і як будуць лячыць іх і іхных родзічаў”.

Раней лечкамісія налічвала некалькі будынкаў шпіталю й паліклінікі. Потым у 1994 годзе адзін будынак паліклінікі й Цэнтар радыялягічнай мэдыцыны аддалі ў карыстаньне менчукам. У 1998 годзе адміністрацыя Лукашэнкі забрала цэнтар і дагэтуль спрабуе забраць сабе чацьвертую дзіцячую паліклініку. Сёньня тэрыторыя лечкамісіі нагадвае вайсковую базу. Каб патрапіць туды, трэба на кантрольна-прапускным пункце паказаць ахоўнікам пасьведчаньне. Калі пасьведчаньня няма — уваход строга забаронены.
XS
SM
MD
LG