Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА НАЗВАЎ ПРАЦУ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ Ў СТРАСБУРЫ НАДЗВЫЧАЙ ПЛЁННАЙ


Уладзімер Глод, Менск

Найперш неабходна патлумачыць, чаму Анатоль Лябедзька так хутка пакінуў Страсбур. Справа ў тым, што ўвечары 25 чэрвеня ён разам з роднымі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі накіроўваецца ў Маскву. Там 26 чэрвеня мяркуецца правесьці сустрэчы жанчын зь лідэрамі некалькіх фракцыяў Дзяржаўнай думы Расеі. Паколькі асноўная праца па падрыхтоўцы гэтых размоваў выпала на кіраўніка фракцыі Саюзу правых сілаў Барыса Нямцова, зь якім і дамаўляўся непасрэдна Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашыў адкласьці ўсе іншыя справы і ехаць у Маскву.

А першыя два дні працы ў Страсбуры Анатоль Лябедзька ацэньвае наступным чынам:

(Лябедзька: ) “Мы сумняваліся, ці патрэбна нам ехаць у Страсбур, але вынікі першых двух дзён працы паказваюць, што гэта было правільнае рашэньне і мы ўсьцешаныя тымі вынікамі, якія мы сёньня маем. Нам удалося правесьці шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі дэлегацыяў Украіны й Расеі. Вельмі моцныя кантакты. Ёсьць канкрэтныя дамоўленасьці. Напрыклад, украінцы гатовыя браць на рэцэнзію ўсе нашыя канцэпцыі (эканамічныя, прававыя) і даваць ім ацэнку. Была сустрэча са спадаром Рагозіным (гэта кіраўнік дэлегацыі Расеі ў ПАРЭ), абмяркоўваліся двухбаковыя стасункі. Вызначыліся тры сумесныя праекты, якія мы будзем рэалізоўваць сумесна. Пакуль я не раскрываю іхны зьмест.

Акрамя таго, быў выступ у мяне на фракцыі лібэралаў і рэфарматараў. Мы паднялі на ўзровень Асамблеі пытаньне судовага працэсу над журналістамі “Пагоні”. І ўжо была пэўная рэакцыя. Амаль гадзіну цягнулася размова з Бэрэндтам (віцэ-прэзыдэнт ПАРЭ, адмысловы дакладчык у справах Беларусі). Абмяркоўваліся пэрспэктывы Беларусі ва ўзаемаадносінах Беларусі з Радай Эўропы, абмяркоўвалася, што будзе сёлета ў верасьні (магчыма, на верасьнёўскай сэсіі адбудзецца разгляд так званага беларускага пытаньня).

Сёньня на юрыдычным камітэце абмяркоўваецца пытаньне аб стварэньні камісіі для расьсьледаваньня гучных беларускіх справаў. І заўтра плянуецца, што на фракцыі сацыял-дэмакратаў выступіць спадарыня Палевікова, а спадар Раманчук будзе выступаць на фракцыі народнікаў. Сёньня ўвечары Швімэру (генэральны сакратар ПАРЭ) будзе перададзеная прапанова аб стварэньні адмысловай камісіі ў справах Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG